Літоўскі воўк | страница 14
- Колькі заплаціць табе, Цімафей? - заклапочана спытаўся настаўнік.
- А ніц, паночку. Вы ўжо заплацілі, - зняў кучомку Цімох. - Хіба, васпане, дайце паправіцца з біклажкі...
Настаўнік адлічыў некалькі рублёў і пачаставаў возчыка кропляй рому - усё выжлукцілі рабаўнікі-пярэваратні. На развітанне пацікавіўся:
- А колькі табе, Цімох, гадоў?
- Васемнаццаць, паночку.
- Васемнаццаць? - ледзь не крыкнуў ад здзіўлення настаўнік.
- Так, паночку, васемнаццаць гадоў, як з Манкевіцкага бровара выгналі. От і цёпаюся без работы...
РАЗДЗЕЛ II. На поўдні
1. А цяпер усё правільна
Нецярплівы чытач атрымаў сякія-такія тлумачэнні, гэтак сказаць, прайшоў уводзіны пра падзеі цалкам магчымыя і цалкам, згаджуся, неверагодныя, таму можна вярнуцца і да Друскенікаў. Цяпер зразумела, што ніякі не пан, а воўк, сапраўдны дзікі лясны звер, - каля клеткі так смярдзіць, што хоць не падыходзь, сядзеў у той клетцы, і не чалавек ваўка, але воўк чалавека пакусаў. І не аднаго - дваіх паспеў цапнуць.
Высветліць прычыны здарэння браліся па-рознаму. Адныя казалі, што той пан гаварыў пры ваўку на мове хамаў, ці, калі хочаце, па-ліцвінску, словам, на гаворцы насельнікаў краю, які распасціраецца ад Прыпяцкіх балот да Дзвіны ды Віліі. Пан загаварыў па-ліцвінску, ці русінску, або, як яшчэ казалі - па-беларуску, а воўк нават прыязна прыняў чалавечую гаворку, завіляў хвастом. Тады пан і насмеліўся пагладзіць ваўка. А звер - хоп! - яго зубамі. Удружыў, называецца.
Другія казалі, што і гэта магла быць чыстая праўда, бо былі сведкі, што і воўк адкрываў пашчу, зяхаў і з ягонага горла выходзілі зыкі амаль чалавечага кшталту. Зрэшты, праверыць такое дапушчэнне няма магчымасці. Звер ёсць звер, з ім трэба мець асцярожнасць, хоць ён і за кратамі. Важней, як сябе паводзілі пакусаныя людзі, паны. Адзін, як ужо гаварылася, страціў ад выгляду крыві прытомнасць. Гэта маладзейшы, а старэйшы - нічога, цярпеў. Увогуле старэйшы салідны быў пан. Прадстаўнічы такі, хоць і не надта высокага росту. Нават і па знешнасці можна было чакаць, што будзе цярплівы і геройскі.
З'явіўся гэты пан на курорце пад ручку з харошанькай дзяўчынай. Злыя языкі казалі, што то ягоная палюбоўніца. Бо ніяк не выглядала на жонку. Нехта заўважыў, што пастрэльвала вочкамі ў бок афіцэраў, што часам з'яўляліся на праменадах. Зрэшты, тыя і самі шукалі моманту, каб зрабіць харашусе знак увагі. Вядома - курорт.
Разам з панам і ягонай маладой пані быў вышэйпамянёны малады вяртлявы пан у крацястых панталонах, а з ім - немаладая асоба нявызначаных гадоў, з далікатнымі рысамі твару і бародаўкай пад вокам. Людзі гэтыя трымаліся самі па сабе, шпацыравалі, пілі ваду, праходзілі лячэбныя працэдуры і ні з кім не заводзілі знаёмстваў.