Літоўскі воўк | страница 13
- Зубр! - з захапленнем аж прастагнаў настаўнік.
- Зубар, паночку, зубар, не шыпіце толькі, пачуе, стане на дарозе, не прапусціць... Ён тут гаспадар...
Нечакана лес расступіўся, перад вачамі паўстала вялізная паляна, можна сказаць, гэта былі некалькі вялікіх палян, злучаных паміж сабой. На гэтых палянах звяроў аж кішэла. Тут бораліся мядзведзі, там гоцалі з дрэва на зямлю рысі, а там губатыя ласі чухалі свае рогі аб камлі карыстых бяроз.
- То, панычу, і е Графска пушча... Тут прошча, неруш, тут звіры хаваюцца ад паляўнічых... А то наедуць губелнаторы з міністрамі ды як пачнуць страляць... Куды беднай пташачцы ці казулі якой дзецца? Сюды і хаваюцца...
Настаўнік залёг у драбінках і сачыў за звярыным царствам, часам затыкаючы нос - надта ж рэзка, аж да свербу ў носе, смярдзела зверам. Скура на ім ад здзіўлення шэрхла. Статак зуброў суседзіў з вывадкам мядзведзяў... Алені, казулі, ласі перамяшаліся ў адзін незлічоны статак... Звяры не звярталі ўвагі ні на людзей, ні адныя на другіх, нібы на нейкі час памірыліся, нібы нейкая бяда, пагроза смерці аб'яднала іх.
Калі праехалі паляны, возчык пагнаў Лізу што было сілы. Ды тая і сама жвава бегла далей ад звярынага паху. Настаўнік не ведаў, што і гаварыць - ехалі моўчкі. Убачанае ўразіла яго да нематы.
Як добра ад'ехаліся і зноў пайшла марочня - рагоз, лазовыя карчы, спытаўся:
- Так кажаш, гэта прошча?
Цімох матлянуў галавой:
- Прошча, паночку, прошча. І сюды ніхто не даходзіць.
- Мы ж даехалі!
Цімох абярнуўся:
- Мы, паночку, тут як і не былі... І ніц не бачылі... - У голасе возчыка прагучала тая самая інтанацыя, калі ён абяцаўся «па вухах пугай».
Пад вечар прыехалі да людзей. Іх сустрэлі якраз тыя вугляры, якія працавалі на аканома з Манкевічаў. Чорныя, як чэрці, яны пасміхаліся весела, прыязна, па-людску. Тут, на гэтай вугальнай гуце, і заначавалі.
Ноччу настаўнік ляжаў, а руку трымаў на пісталеце. Глядзеў, як гутары сядзелі вакол вогнішча, на якім каліхаваў здаравенны кацёл, з якога тырчалі тоўстыя косткі невядомай жывёлы. Раніцай, яшчэ не развідняла, Цімох разбудзіў пана і акурат з усходам сонца выехалі да нейкага сяла. Адчувалася прысутнасць вялікай вады. «Пэўна, Прыпяць», - падумаў настаўнік. І напраўду, паехалі ўброд. На здзіўленне, рака ў гэтым месцы была такой плыткай, што толькі ў адным месцы настаўнік ад страху ўхапіўся за біліны. Потым праехалі некалькі вёсак і ўрэшце спыніліся перад чыгуннай літой брамай, якая азначала ўезд у Манкевіцкую эканомію.