Не па дарозе | страница 9



Так і вісела яна за шафай, запыленая, пакуль Вайцеха не выбралі вартаўніком. А ён упадабаў яе, старасвецкую, цяжкую i нязграбную, хоць і ведаў, што з яе можна пацэліць толькі ў божы свет. Што ж, мужчыну ўжо хутка пяцьдзесят; а ў мінулым кадравік, затым усю вайну — партызан. Можа таму ён і любіў стрэльбу i бярог, як і ўсякую баявую зброю. Ён аглядаў яе, чысціў, змазваў. 3 ёю ноччу зусім нястрашна. Пачуеш шолах — сціснеш яе моцна рукамі, — вось ты i непрыступны.

Толькі думкі пра стрэльбу ў яго сёння з’яўляліся мімаходзь. За апошнія дні ён перабіраў у памяці ўсіх людзей са сваёй вёскі і нават з суседніх і, здаецца, здагадваўся...

Раптоўнае рохканне ля лесу прымусіла яго ўсхапіцца. Рукі неяк самі сцялі стрэльбу, як абцугі. Затым адтуль, дзе пачулася рохканне, нешта, шалёна тупаючы, неслася проста на яго, і чым бліжэй, то ног здавалася ўсё больш i больш.

«Дзікі... А ў ствале соль... Магіла...» На момант перад вачыма ўзнік дубок, што рос недалёка ад крушні, бліжэй пад вёску.

«Хутчэй да яго...» — варухнулася недзе ў свядомасці выратавальная думка, але ногі застылі, адзярвянелі, не адарвеш іх ніяк ад зямлі, хоць ты што...

«Вух!.. Вух!..» — пачулася спераду. Тупат на нейкую хвіліну сціх. Вайцех убачыў двух белых дзікоў за крокаў дзесяць ад крушні. 3 іх ноздраў, здавалася, дыхае цеплынёй, нібы з палка ў лазні з-пад веніка.

«Будзь што будзе...» — стрэльба міжволі падалася ўперад.

«Вух... Вух... Хых... Хых...» — данеслася яшчэ раз ад спуджанай некім жывёлы. Не паспеў Вайцех злажыцца, як дзікі змянілі кірунак i ix белыя спіны схаваліся ў жыце. Яны, учуўшы чалавека, звярнулі з дарогі і ўпоперак загонаў падаліся ў бліжэйшы беразняк. Доўга шумела ў тым баку, нібы нехта, шпаркі на хаду, цягнуў па жыце разматаную вяроўку. Затым наступіла ранейшая цішыня, як бы той, шпарканогі, хуценька зматаў сваю вяроўку і кінуў яе праз дарогу, што вяла на луг, у густыя кусты на ўзлессі: дзікі схаваліся там.

Тахкала сэрца, і ўздрыгвала ў руках стрэльба. Мурашкі казытнулі холадам цела недзе там, каля паясніцы, і разбегліся па спіне.

— Бр-р-р!.. — моцна страсянула яго толькі цяпер, калі небяспека мінула. Стукалі зубы, i бразгала аб метал рулі антапка.

— Цьфу! Мярзота... Дзіч... — моцна сплюнуў Вайцех i подбегам рушыў ад крушні, нібы гэта была не куча камення, а месца змяінага споўзішча, і ён стараўся хутчэй пакінуць яго.

Цішыня, што зноў запанавала на Жукаўшчыне, хутка супакойвала Вайцеха, аднак пастаяць або сесці пасядзець ён не мог, бо адчуваў ся­бе, як на пікеце, і падаўся пад лес. Чамусьці хацелася быць далей ад таго месца, дзе ён ледзь не сутыкнуўся з дзікамі.