Не па дарозе | страница 10



«Шась... Шась...» — мерна вырывалася з-пад ног у Вайцеха, ураўнаважваючы яго. Яму здавалася, што побач ішоў другі вартаўнік. Гэтае абманлівае пачуццё рассейвала самоту, дадавала смеласці i нават бадзёрыла.

Крокаў пяцьдзесят заставалася да ўзлесся, як Вайцех паверыў у тое, што сапраўды з боку ў яго нехта ідзе. Стук і шастанне сталі такімі натуральнымi, што іх несуладдзе з рытмічным шалясценнем, якое раздавалася ад ягоных ног, выразна стала лавіць вуха.

«Глупства... Гэта я, мусіць, так паверыў у сваю выдумку...»

Але раптам сярод густога шастання пачуўся моцны, нейкі прыглушаны стукат.

«Ці не ад яго гэтае шастанне?»

Вайцех прыпыніўся.

Цішыня, як у вушку... «Вось што значыць моцны спалох...» — усміхнуўся ён сам сабе i хацеў ужо зрушыць з месца, як тое ж шастанне, гэты раз не збоку, а ля самага лесу, падказала: нехта калоціць сноп.

Трэба было асцерагацца. Ён паціху ступаючы, сышоў з загону i прысеў на кукішках за бліжэйшым мэндлікам. Мокры, у расе колас казытнуў шчаку i лёг на брыво. Вайцех услухаўся. Аж у вушах зазвінела. Нічагуткі. Затым паступова прыплыў далёкі, таемны, але смелы шэпт ялін у канцы жытнішча. Цішыня, аказвалася, была зманлівай.

Вайцех прагна лавіў галасы ночы. Скрыпела недзе дрэва, рытмічна, з енкам, нібы пад павевамі ветру ўядаўся ў ягоны сук ствол суседняга, больш цвёрдага дрэва і паволі адпілоўваў яго. 3 боку, на пожні, шаптала старая асіна. Злосна і коратка пракрычала ў бярэзніку сава. У жыце пішчала перапалоханая птушка, хутчэй маладое птушаня, як здалося Вайцеху. Трашчала салома — гэта ўставала на загоне прыгнутае нагамі іржышча.

I тут Вайцех аж страпянуўся, нібы хтосьці перацягнуў па ім дубцом. У цішыню ночы смела ўварваліся пошум і мяккія постукі палкі. Вайцех увесь падаўся ўперад і стаў падымацца. Хутка з-за свайго мэндліка ён убачыў, як недалёка ад лесу штосьці чорнае бесперапынку калашмаціла сноп. Вайцех выпрастаўся і здрыгануўся: там быў чалавек.

«Ён жа і напалохаў дзікоў, а цяпер і сам не горш за іх тармосіць. Але пачакай... Што гэта? Яшчэ нехта каля яго сноўдаецца. Маленькі... Хлапчаня... Угу...»

Усю асцярогу, набытую гадамі ў партызанскай разведцы, а пасля пры вартаўніцтве, паклаў Вайцех на тыя паўсотні крокаў, якія аддзялялі яго ад «паўтара зладзеяў». Хаця гэтага можна былі i не рабіць: два сілуэты — адзін большы, другі зусім малы — смела ўвіхаліся каля мэндліка, забыўшыся на ўсё. Ды чаго ім было баяцца? Дзікоў спудзілі, і тыя падаліся прэч; вартаўніка, відаць, не спадзяваліся сустрэць, а мо і чакалі з якім-небудзь намерам. Хто ведае...