Не па дарозе | страница 8



Была тая шэрая гадзіна, калі ноч на вачах змяняла вечар і трашчала галлём пад нагамі на ўзлессі ды шапацела старой, падсохлай тра­вой на дарозе. Неба паступова зацягвалі рудаватыя хмары. Яны навісалі ўсё ніжэй і ніжэй над полем, і яно ад гэтага рабілася меншае, вузейшае, здавалася, i лес бліжэй падсунуўся нанач, нібы ён ніяк не хацеў прымірыцца з тым, што пад бокам у яго такі прасцяг неабсяжнага, чыстага ад дрэў і кустоў поля.

«Вечер тихой песнею

Над рекой плывёт...» —

павольна, ціха-ціха, сапраўды, як вечар, плыла з дому задушэўная мелодыя...

«Ночкі цёмныя, глухія»... —

збіваўся юначы бас, заглушаючы дзявочую журбу i сум па чымсьці далёкім, нязведаным...

— Э-ха-ха... — уздыхнуў Вайцех, павёўшы далоняй па доўгім, няголеным твары. Ён памалу крочыў паўз лес да таго месца, дзе пару якіх дзён назад хтось згроб два мэндлікі. Ногі неяк самі вялі туды.

«Але ці ж дурань злодзей!.. Не будзе ён браць у адным i тым жа месцы на такім полі. Лавіць яго цемнатой, што клапа ноччу на падлозе», — падумаў Вайцех. Ён пачынаў хвалявацца ад такіх думак. Патрэбна было выкінуць іх з галавы, бо хвалявацца ў такіх выпадках,— значыць, неасцярожна выдаць сябе.

Цямнела. Вастрэў i слых.

«Месяц павінен узысці толькі амаль пад дзень, няма чаго на яго спадзявацца...»

Зрабілася цёмна і ціха, як у мяшку. Паступова на небе нельга было разгледзець кудлатых, густых хмар. Гэта было ўжо не пахмурнае неба, а навес над галавою, чорны, як над токам, запыленым шматгадовак малацьбой. Вайцех адчуў, што пачынае i цяплець. Пры заходзе сонца віееў туман і халадок абяцаў пагодлівую ноч.

Але да раніцы далёка, i Вайцех пачаў хадзіць у густой цемнаце ад лесу да дарогі, што сярод поля, на якую ён лучыў бы з завязанымі вачыма. 3 боку яе сівой спіною ўзвышалася вялізная крушня камення. Гэта была якраз сярэдзіна Жукаўшчыны. Адгэтуль і паварочваў Вайцех. Ногі цягнулі назад, пад лес; відаць, усё ж такі хваляванне не пакінула яго.

На пожні пад ботамі шастала іржышча, а калі ён абыходзіў нязжатыя палосы, мокрае жытнёвае калоссе расіла рукі. Увесь час трэба было прыпыняцца: шуміць іржэўнік і нічога не чутно, як ні ўмудрайся цішэй паставіць нагу ў разоры.

Ен вярнуўся да крушні і апусціўся на яе седлавіну, паклаўшы збоку калгасную «самапалку», якая да яго вартаўніцтва вісела ў канцылярыі. Зрэдку яе бралі конюхі з сабою на начлег — і то пасля таго, як ваўкі зарэзалі жарабя. Ну, і рахункавод калі-небудзь зносіў яе ў нядзелю «на дзікоў», але нідзе яна сябе на апраўдвала, за што і празвалі яе не без гумару калгаснай «самапалкай».