Не па дарозе | страница 5
А для Вайцеха кожны знаёмы куст штоноч шумеў па-рознаму; i нават вячэрні шолах лісця пад ціхім ветрыкам не быў падобен да насцярожанага, таямнічага шэпту на золаку. Вечарам, калі густы пыл ад прагнанага дарогай статка туманам віснуў у паветры і ахутваў лес рудымі валокнамі, Вайцех улоўліваў у ім подых сырадою і, здаецца, адчуваў пах і недапітага малака, i недаедзенага хлеба з пастуховай торбы.
Ён любіў слухаць, як лес паглынае перагуд камбайна, галасы жней, тахканне па карэнні цяжка нагружаных снапамі калёс; як ён змаўкае на хвіліну, каб затым адгукнуцца з невядомай далечы доўгім, глухім рэхам; або суцішыцца і затоіць яго ў сабе назаўсёды, баючыся патраціць дарэмна гэтае багацце...
Ён, Вайцех, часта днём, асабліва па нядзелях, наведваў Жукаўшчыну на калгаснай «Пабедзе» разам са старшынёй і сім-тым з членаў праўлення.
Любаваліся збажыной, меркавалі пра будучыя ўраджаі, жартавалі.
«Мой дзед i прадзед век свой горб на гэтай Жукаўшчыне гнулі за сахой. А я пад старасць згінаю сваю спіну, залазячы ў «Пабеду», — усміхаўся Вайцех.
Пра гэта ён многа думаў. Ды i не толькі думаў. Любіў расказваць шмат каму. Аднойчы ён адпусціў такі «жарт» у прысутнасці сакратара абкома. I што б вы думалі?.. Заехаў да яго сакратар, вясёлы такі, кемлівы высачэзны мужчына, яго i цяпер памятае Вайцех, i яны прагаварылі пасля вячэры далёка за поўнач. I начаваў тады сакратар у яго. Усё распытваў, як жылі раней, што расло ў Жукаўшчыне, што радзіла, калі былі неўраджаі, і пра многае-многае іншае...
Вайцех не праседжваў усю ноч напралёт дзе-небудзь на ўскраі лесу або ў бярэзніку, што прыгожай сцяной раздзяляў Жукаўшчыну на два црасцягі. Звычайна з вечара ён хадзіў з аднаго боку бярэзніку, бліжэй пад вёску. Тут магла дзе-небудзь блытацца жывёліна, з’ядаючы аўсы і ячмяні. А калі рог Вялікай Мядзведзіцы пагоднай ноччу паказваў прама на поўнач, Вайцех пераходзіў на другі бок бярэзніку, дзе шумелі цяжкім, паспелым калоссем жыты.
Нават і ў цёмныя-цёмныя ночы, якія бываюць летам сярод лясоў, асабліва ў жніўні, Вайцех не губляў часу, калі трэба было пераходзіць на жыты. Ен гатоў быў залажыцца на што хочаш, і даказаць, што цёмнай ноччу ў самую поўнач на нейкі час робіцца светла. Праўда!.. Толькі трэба ўмець заўважыць і адрозніць тыя хвіліны ад звыклай цемнаты... Так, так, — будзе спрачацца Вайцех, — сапраўды тады святлее, бо паўночная зорка ў поўнач пачынае свяціць сама ярчэй. У гэту пару вецер зусім сціхае. Толькі асіна шапаціць несуцішна. Яна заўсёды неспакойная...