Не па дарозе | страница 4



— А ну, уставай, бухмач!.. — таўхануў ён раптам Рамана Сідарку пад бок. — Уставай, уставай... Не ўскруціш цябе ніяк, разаспаўся... Млявасць узяла, пацягваецца... А ну, давай, бо пахмялю пугаўём!..

Сідарка расплюшчыў вочы, прыўзняўся, узяўшыся за аглабіцы, і, варочаючы галавой, ссунуўся з калёс. Андрэй адвёў яго і пасадзіў пад бліжэйшую бярозу. Той апусціў галаву на калені і зноў засоп. Сон не пакідаў Сідарку ў гэту ноч, як і жахі Якубчыка.

Калёсы хутка апаражніліся ад дзяцельніцы, і два прыдарожныя мэндлікі снапоў ледзь утоўпіліся намітуські ў аглабіцы. Сядзенне ця­пер было высокае, і Якубчык рашыў не браць «сыр’я» на калёсы, а толькі зацярушыць ім салому ад выпадковага вока.

Неўзабаве падвода павярнула назад, пад луг, затым скіравала на дарожку, хутчэй сцежку, якая яшчэ аж праз чатыры з гакам вярсты выводзіла ў вёску, але затое адразу на загуменне. Там можна схавацца і да сябе, а лепш за ўсё да сваёй даўняй прыяцелькі, кумы Шуркі.

Яшчэ раз растаўханы і аблаяны, Сідарка цяпер вымушаны быў, вы­сока седзячы ззаду за Якубчыкам на возе, моцна трымацца за аглабіцы (дарога віляла па карэнні і калдобінах і яшчэ больш трэсла сна­пы) . Але і тут сон ішоў за хлопцам аж у самую вёску, i Андрэй раз-пораз аглядаўся, каб, божа барані, не згубіць гэтага разяваку.

***

Назаўтра толькі пад вечар неміласэрнае сонца, чапляючыся за вершаліны ліп у канцы вёскі, пачало даваць людзям палёгку ад пакутлівай гарачыні.

Па вуліцы, дыхнуўшы халадком, прабег лёгкі ветрык. Яго ледзь можна было адчуць пасля такой дзённай спякоты. Але затое густа зашапацела лісце на галінах ліп, нібы хто раптоўна страсянуў іх. Было відаць, што там, уверсе, вецер больш смелы, чым тут — у завулках і ля прызбаў. Такія вятры звычайна ўзнімаюцца захадам сонца, перад ціхай і спакойнай ноччу.

У гэтую пару Андрэй з Раманам выйшлі ад Шуркі і, трымаючыся за плот, пацягнуліся дадому — кожны ў свой бок.


II


Ноч не хіне вартавога да сну. Яна насцярожвае, прымушае варушыцца i быць напагатове.

Вайцех i не думаў спаць ноччу. Даўно ён звыкся з гэтым, i яго каротка стрыжаную прадаўгаватую галаву, пасівелую ўжо напалову, ніколі не гнула да калень, калі ён садзіўся адпачыць пад бярозу або на крушню камення; яго шэрыя вочы зырка бегалі ў цемені. Тым больш, што цяпер такі доўгі летні дзень! 3 вяроўку... I выспішся ўволю, і з касой пабрындаеш, і ў лес з кошыкам збегаеш.

I колькі б разоў Вайцех ні хадзіў нанач у Жукаўшчыну, ён ніколі не памятаў аднастайных начэй, і яны яму ні разу не надакучалі. Ночы і сапраўды, відаць, аднастайныя толькі для тых, хто іх не бачыць за сном.