Не па дарозе | страница 6



Такім часам усё спіць. Вайцех за гады вартаўніцтва не памятаў, каб гэтай парой хто-небудзь прыплёўся на поле з нядобрым намерам. Нават дзікі, і тыя ішлі пазней гэтае пары, калі пасля Вайцехавай паласы святла зноў Жукаўшчыну абнімала цемень.

А больш за ўсё вабіла яго да сябе поле месячнай ноччу... Жыты ў рост. Ідзе ён між іх, срэбных ад расы, нібы люстраным возерам, і яму здаецца, што нікога навокал няма, толькі яго галава пакалыхваецца над дзівоснай роўняддзю ды ўсміхаецца месяц, што плыве над ім. Далёка-далёка відаць навокал, здаецца, і вуха тады робіцца больш вострае. Ды пры месяцы Вайцех і не чакаў злыдня: з аднаго боку — таму павінна быць боязна, — ён жа ўвесь, як на далоні, а з другога — не ве­рыў ён, што нават самы паганы чалавек на свеце адважыцца рабаваць у такую чароўную ноч... Яна павінна напомніць яму аб прыгажосцях жыцця, прымусіць злякнуцца, забыцца, чаго той сюды прыдыбаў, і ўберагчы ад граху.

Бывала, што пасля вайны сёй-той і ў такую пару зразаў каласы, але Вайцех ведаў, хто гэта, не даваў яму заходзіць далёка і дароўваў: многія ў вайну пагарэлі датла і ледзь перабіваліся з хлеба на квас.

Вайцех не забыўся, як аднойчы зграшыў і ён, залюбаваўшыся такой ноччу. Хутчэй не залюбаваўшыся, а цалкам паклаўшыся на сваю філасофію.

Было гэта летась... Ноч выдалася тады яснай. Так, прыкладна, пад раніцу да яго падступіўся сон. Каб, сказаць, сталі зліпацца павекі, дык не... Ні пазяхоты, ні салодкай стомы ў нагах... Неяк проста яго вырвала з гэтай месячнай ночы i перанесла на бераг рэчкі пад капу мурагу.

...Здаецца, стаіць нясцерпная парнасць, размякла цела. Чаму ж не паспаць, калі да вечара яшчэ далёка, а сена амаль згрэбена...

Вочы ён расплюшчыў не ад святла. Прывыклае да цішыні вуха ўлавіла частае тупанне мноства ног. Ен ляжаў на зямлі, i яму здавалася, што на яго рухаецца цэлае войска. Усхапіўшыся, ён сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэндлікі пшаніцы як толькі маглі. Тут былі і шматгадовыя гарбатыя дзікі, якія паволі сноўдаліся па загонах, і паласаценькія парсючкі нядаўняга апаросу, ад сілы пералеткі, якія жвава снавалі каля старэйшых, адбягаючыся так далёка ад іх, што, здавалася, яны вось-вось наступяць на ногі або зусім здратуюць самога Вайцеха...

Рукі яго самі схапілі двухстволку, што была заціснута між ног. Ён спачатку здзівіўся, як гэта дзіч не чуе яго, але ўлавіў, што ранішні свежы вецер цягнуў ад статка і зносіў пах чалавека. Паволі да Вайцеха стала вяртацца прытомнасць, і стрэльба руляй павярнулася ў бок галоднай прыблуды. ён нават на хвіліну супакоіўся, дзівячыся з гэтай мірнай папаскі, як раптам, незалежна ад яго самога, нейкі інстынкт, відаць, страх за жыццё, тузануў за руку, i пальцы спусцілі куркі. У момант i старых і маладых дзікоў змяло з поля. Стала ціха, толькі доўга яшчэ ў напрамку да пушчы шумеў лес i стагнала зямля пад нагамі ў перапалоханай жывёлы.