Не па дарозе | страница 3
«Толькі чаму ён мяне не засудзіў, гэты Лаўкін? Нейкі ён не такі гарлапан, як усе...» — думаў Андрэй i можа за гэта стаў нават крыху паважаць калгаснага старшыню, чаго пасля вайны з ім не здаралася.
Ноч хавала дарогу ў тумане. Стаяла ціша, якая бывае толькі ноччу ў другой палове лета, калі ўжо лёгка адчуваецца набліжэнне восені. Мо таму неяк асабліва гучна ляскочуць i тарахцяць калёсы, насцярожваючы чалавечае вуха. Рэха далёка разлягаецца па лесе.
Андрэй перастаў думаць і ўслухоўваўся ў гэтыя гукі, якія трывожылі ноч.
«А рэха так трашчыць па лесе, нібы хто пугай хвошча па арэшніку...» — зазначыў ён.
Мінуўшы доўгую паласу густога туману, што вісеў цяпер ззаду над дарогай выбеленым палатном, калёсы вынырнулі на поле, якое звалі Жукаўшчынай. Гэта былі палеткі суседняга калгаса. Некалі яны належалi тутэйшаму пану Жукоўскаму.
На полі туману не было, і Андрэй убачыў блізка ад лесу жытнёвыя мэндлікі. Яны густымі радамі падступалі месцам аж да самай дарогі.
— Во! — узрадавана замармытаў ён сам сабе. — Ляціць час. Гэтак хутка жніво прыдыбала, не паспелі нават косы на бэльку павесіць...
I тут яму нібыта заняло. Новыя думкі змусілі яго забыцца пра ўсе нягоды і няўдачы на лузе.
Ён звярнуў каня з дарогі ў бярэзнік і, спыніўшыся, сядзеў яшчэ некаторы час на возе, углядаючыся ў бок чужой вёскі, адкуль заўсёды прыходзіў калгасны палявы вартаўнік Вайцех, яго, Андрэеў, швагер.
Ён доўга не адважваўся ступіць на чужое поле, але слова «швагер» вырашыла ўсё. Ды i гэта ж не свой калгас, ніхто i не падумае...
А бліжэйшы мэндлік буйнымі, натапыранымі каласамі цягнуў да сябе, хаця шапаценне на полі спелай саломы ад ветру палохала Андрэя. Сама цяжэй яму было адарвацца ад цёплага месца на возе: сырая канюшына прыемна сагравала яму азадак і галёнкі. А пасля ён смела захадзіў каля мэндліка, тручы пальцамі каласы ў далоні, не баючыся нават, што пакідае ад ботаў сляды на загоне. «Спелае жытцо... Воск... Аж у цемнаце відно. А высахла як, хрумшчыць. Вось бы вазок такога...»
Андрэй прысеў, але не змог абхапіць увесь мэндлік рукамі і, разбурыўшы яго, прынёс да воза толькі пяць снапоў. Другім рэйсам узяў на два снапы больш. Ён так сціскаў іх, несучы, што парасціраў каласы, і цяпер, калі махаў ля калёс свабоднымі ўжо рукамі, зерне пырскала з яго вопраткі на зямлю. Асцё набілася за каўнер, кусала шыю і грудзі. Яго нельга было абтрэсці з мокрага ад поту цела.
«Во д’ябал... — раптам вылаяўся ў думках Андрэй. — Не ўсё абмазгаваў. Пра хлопца ж чуць не забыўся... Храпе, недавярак... Ён мне з двух бакоў замінае. 3 аднаго — лішняе вока, значыць і горла лішняе заткнуць трэба, а з другога — месца на калёсах заняў... I чаго толькі чорт накасаў яго на маю галаву? Адстаў жа ад усіх, бабыль. Але ён з нашай скуры скроены, — супакоіў сябе Андрэй. — Змоўча. Толькі вось нe пакладзеш снапы на яго».