Не па дарозе | страница 31



Андрэй толькі наспеў злавіць у люстры сваю галаву з пачарнелым, маршчыністым тварам, пакамечанай шапкай з абвіслым брылем, як глухі выбух грымнуў у яго за плячыма. Закруцілася падлога, і ён паляцеў галавою недзе ў цёмную гарачую яміну. Яму здалося, што хтось злосны з мядзведжай сілаю моцна стукнуў дзвярыма, каб ужо ніхто не мог выпусціць іх на свет з гэтай сырой зямлянкі.

Ён не памятаў, праз колькі часу апрытомнеў. Прыўзняўшыся на локці, адчуў, што смыліць уся спіна, балюча і горача. Разварушыўшы левую руку, якая была зусім заныла, ён, крэкчучы, падняўся з зямлі, дрыжачымі пальцамі неяк запаліў сярнічку і жахнуўся... У парозе нерухома ляжала, адкінуўшы галаву і крыху раскрыўшы перакрыўлены рот, яго сястра, Юлька... Падлога зноў пахіснулася пад ім, але ён утрымаўся за сцянў. Яго трасло не адпускаючы. Вочы пазіралі то на збялелы Юльчын твар, то на яе ногі. Ногі... Ног не было... На іх месцы блішчэла лужына крыві, якая пачала расцякацца i застываць на падлозе... Белыя абрубкі касцей, якія ён згледзеў, нібы праткнулі навылет яго сэрца. Ён упаў у пацёмку на труп і зарыдаў, рвучы на сабе валасы...

Упершыню за ўсё жыццё ён плакаў па сястры, адчуваючы, што страціў назаўсёды нешта дарагое i сваё...

***

...Андрэй адхінуўся ад сцяны, да якой быў аж прыкарэў, адплюшчыў поўныя жалю i пакуты вочы...

А словы Вайцеха сціналі сэрца, гучалі хутчэй мо прысудам...

— Я думаў, што табе ўрок гэта будзе... Можа, па-чалавечаму пачнеш жыць. А ты... Дарэмна я яшчэ тады дараваў табе...

— Слухай, Вайцех... Богам прашу... Не ўспамінай пра мінулае. Даруй. Пасцілку аддай. Ты мяне садзіш адзін. Адзін ты!.. Зразумей. Ну, што табе стане ад гэтага?.. — Андрэй растапырыў рукі і чакаў.

— Я цябе не саджу. Па мне ты мог быць вольны, як цыганскае дзіця... — Вайцех павёў вачыма па сагнутай постаці Андрэя з галавы да ног, нібы такім ён бачыў яго першы раз.

— Аддай пасцілку... — зноў рот у Андрэя скрывіўся ў адчаі. — Ты думаеш, чаго я палез пад твой шрот? У маёй кішэні вош на рамені...

— Не прыбядняйся. Жывуць людзі... I жывуць, як трэба ў вашым калгасе. А пасцілка... Яна мая... мая! Чуеш?! — Вайцех сеў на лаву на сваё ранейшае месца і стаў закурваць. Ён утаропіўся ў Андрэевы парваныя чаравікі і думаў: «Як гэта яго ногі тоўпяцца ў такім абутку...»

— А-а-а... Цяпер усё тваё! Смела гаворыш! А забыўся, як я табе і хатулямі і цэлымі мяхамі пасля вайны памагаў. Садзіў, як у прорву якую... Цябе б нагамі ўперад даўно б вынеслі, каб не я з маёй дабратой... — падаўся ён да Вайцеха, нервова адкінуўшы на бок палу свайго старога выпэцканага і зацыраванага плашча.