Не па дарозе | страница 30



— Што ты так сагнуўся? Заўтра аддам пасцілку. Аддам разам з астаткамі жыта — участковаму або вашаму Лаўкіну. А ты можа пойдзеш за пагодай...

— Ага! Аддавай, аддавай...— раптам загарачыўся Андрэй.— Гэтыя пасцілкі твая жонка ткала, калі памятаеш... Але дзе там, выракся ўсякай радні... Ды хто дакажа, што ты яе мне даў, пасцілку тую... — хітрасць з’явілася на твары ў Андрэя i прыплюшчыла яго рудаватыя вочы.

— Маўчы лепш... Якубчык!.. Чуеш?! — аж закрычаў Вайцех i, не стрымаўшыся, затросся. — I не ўспамінай мне пра жонку... Гэта ты загнаў яе на той свет i цяпер п’яны пускаеш слёзы, успамінаючы Кутузаўскія зямлянкі... Ты падвучыў яе пайсці туды, ты атруціў яе сваёю скнарасцю...

Андрэй неасцярожна паварухнуўся і аж падскочыў, адчуўшы, як сотні іголак вытыркнуліся з лавы. Ніжнія порткі прыліпалі да цела. Ён больш не мог сядзець. Стаяў аглушаны і прыбіты. Памяць на якую долю вырвала з мінулага падзеі, — яркія, як маланка ўначы, свежыя,нібы ўчарашнія...

***

...Цемень... Гарбатыя сілуэты зямлянак, нібы гурбы моху, вырастаюць перад вачыма. Іх цяжка распазнаць ноччу непрызвычаенаму воку. Толькі ён спраўна паварочваецца між сосен, мінаючы зямлянку за зямлянкай.

Юлька стамілася і прасіла вярнуцца дамоў. Ён жа толькі зморана соп і мчаўся з усіх ног недзе ў глыб Ямскога. Здавалася б, што яму больш спатрэбілася?.. Яны вынеслі блізка да дарогі на бор два сталы, два доўгія мужчынскія кажухі, валёнкі... Гэта ўсё зрабіў Андрэй сам, Юльку ён прымусіў займацца дробяззю — пасудай i рознымі трантамі, што пападаліся пад руку. Але Якубчыка непакоіла штабная зямлянка. Там былі крэслы са старымі наразнымі выкрунтасамі на спінках і пацягнутыя аксамітам. Там была і вялізная шафа для вопраткі з люстрам на ўсе дзверы. У ёй хаваліся партызанскія дакументы. Гэта Якубчык добра ведаў. Ён бачыў яе два разы, калі яму прыходзілася быць у Мясунова. Гэту шафу трэба выпатрашыць ад паперы і вынесці, пакуль не пачало днець... Адзін гэтага не зробіш... Толькі Юлька, каб яе... моршчыцца... Што ж, баба-бабай...

— Во, дурніца... Сама ж бачыш, што не дарма прышлі... Думаеш, я цябе зводзіў? — супакойваў Андрэй.

Яна маўчала...

Дзверы ў штабную зямлянку адчыніліся цяжка, заскрыпеўшы сярдзіта і пагрозліва. Андрэй здзівіўся, што яна была нават не замкнёна. Партызаны, відаць, даўно пакінулі яе, бо з сярэдзіны патыхала сырасцю і нейкім смуродам. У цьмяным агні ад запалкі Андрэй заўважыў, што ўсё стаяла на месцы, як i тады зімою, калі ён апошні раз быў тут. I шафа ў кутку з чыстым, як новым, люстэркам, i стол блізка ад кафлянай печкі, i тыя крэслы, якія цягнулі цяпер да сябе стомленае цела. Андрэй адчуў, як занылі і затрэсліся ў каленях ногі. Змораны, ён нехаця падыбаў у глыб зямлянкі. Запалка пякла пальцы...