Не па дарозе | страница 32



«Хто лепш за яго ведае, дзе мне баліць...» — падумаў Вайцех і абарваў Андрэя:

— Ты зноў пра сваё! Злодзея кавалак... Не быў бы я ў той час прыкуты ранамі да ложка... — ён не дагаварыў. — Чуў я i тады, чым ты прамышляеш, але веры не даваў. А ведаў бы я, шго гэта крадзенае, што гэта слёзы пагарэльцаў, чые ямы ты ачысціў... лепш згадзіўся б падохнуць... — Вайцех кашлянуў і, адвярнуўшыся, пачаў глядзець у акно, за якім вераб’і не маглі падзяліць нейкі колас на зямлі. Гэты чалазек выклікаў у яго не жаль, а агіду.

— Усе мы аднолькава церпім беды на гэтым свеце. Ці варта з-за нейкага снапа рабіцца звярамі?..

— Што? Хочаш i з гары зваліцца i азадка не разбіць?..

— Ага! Цяпер ты азадкам да мяне! Вось чым плаціш... У турму загнаць збіраешся... Не загіну! Вярнуся адтуль i адпомшчу. Будзе час, швагерка... — у злосці ашчэрыўся Андрэй. Яго маршчыністы твар неяк перакасіўся, шырокі нос расцягнуўся і зрабіўся яшчэ шырэйшы. Рудаватыя вочы не бегалі, а хутчэй круціліся. Даўно няголеная верхняя губа дрыжала. — Садзі... Але і твая жызня падточана... Цьфу! Парадніўся яшчэ з кім... 3 чалавекам, які ўсе гады пільнаваў, каб мяне ўтапіць, са свету сцерці...

— Брэшаш!.. — ускіпеў Вайцех і выпрастаўся ля акна. — Ты ў мя­не адняў не гэта, а яшчэ помсціць збіраешся... Але што гаварыць... Для мяне яна...—Вайцех асекся.— ...для мяне яна была даражэй, чым для цябе... — ён адчуў, як ненавідзіць гэтага чалавека. Яго шэрыя вочы ўпіліся ў Андрэя, прымусіўшы таго адступіцца да парога. — Сабака!.. Зладзюга!.. Ратунку шукаеш... Не будзе на Сяліцкіх плямы з-за цябе, гультая кавалак... Мне з табой не па дарозе!.. Выбірайся!..

Ляпнулі дзверы. Вайцех зноў прыпаў да акна, абапёршы галаву на шырокія, нязграбныя рукі, і бачыў, як узняліся з зямлі сварлівыя вераб’і і разляцеліся ў розныя бакі ад стуку варот. Трохгадовы суседаў хлопчык у белай бесказырцы скрыпеў старым дзіцячым веласіпедам па пясчаным двары.

Вайцех згледзеў, як паспяшалася з гароду яго дачка з поўным кошыкам бацвіння.

На нейкую хвіліну яго позірк затрымаўся на доўгай галіне ружы, якая вылезла між паркання з цеснага гародчыка на двор і, згінаючыся пад ветрам, даставала зялёным яшчэ лісцем аж да жоўтага пяску пад прызбай.

На душы стала балюча, сумна. Ен бачыў яшчэ, як параўняўшыся з плотам, што быў ад вуліцы, дачка падняла галаву, i як Андрэй, плюнуўшы i нешта сказаўшы ёй, ткнуў пальцам у акно, затым махнуў рукою і падаўся ад яе прэч.

«Ці не з ёй паспеў пагаварыць, i яна будзе прасіць? Цяжка ёй будзе адказаць... Розуму ў яе не адняць, але розум яшчэ дзіцячы...» — падняўся Вайцех насустрач дачцы.