Не па дарозе | страница 29



«Колькі іх... — Вайцех са злосцю націснуў на курок, але пачуўся толькі лязг, ад якога аж уздрыгнуў. — Кончыліся патроны... Нічога... Трэба толькі паўхвіліны, каб насадзіць ражок, І тады немцы зноў адкоцяцца ў лагчыну... — ён лапнуў па кішэнях пінжака. Яны былі пустыя. Запасам, што быу з сабой, ён у хаце напоўніў дыск i бярог яго на прарыў за Дзвінасу. — А тут... Нічога... Добра, што хлопцы праскочылі. А я яшчэ...»

Эсэсаўцы зусім блізка, амаль як праз вуліцу. Вайцех намацаў у капшуку ля пояса дзве «эфкі»...

Развіднівала. Страляніну ў бярэзніку ля шашы перакрылі два выбухі, і яна стала заціхаць. Пачынаўся дзень, зноў запыліла дарога ў лагчыне.

Нехта ссутулены наблізіўся да Вайцеха і асцярожна, баючыся, пакратаў за плячо, вывеўшы яго з цяжкага здранцвення. Вайцех не адчуў, як яго пакраталі за плячо; ён здзівіўся толькі, угледзеўшы, што заскакаў у ваччу той далёкі, суровы лес.

У гародчыку з галінкі бэзу пырхнуў верабей, i яна закалыхалася, скрабучыся па шыбіне. Вайцеху здалося, што гойдаецца акно.

Цяпер яго аклікнулі, але ён ніяк не мог адарвацца ад шыбіны. За­тым адвярнуўся. Ля самага стала хісталася высачэзная постаць Андрэя ў старым плашчы, з болем i потам на твары.

— Здароў... — ледзь вымавіў Андрэй.

— Здрасце...— Вайцех падняўся з лавы і адышоўся да ложка, абапёршыся на біла. — Ну, садзіся, ці што... Ну? Сядзь, не тырчы. I выкладвай усё, чаго прышоў...

Андрэй не садзіўся і, відаць, не ведаў, што сказаць. Запанавала няёмкае маўчанне. Андрэй не вытрымліваў позірку Вайцеха і, адводзячы вочы, устаўляўся недзе ў парог, у качарэжнік.

— Дык гэта ты?.. Я так і знаў...

— Я... — уздыхнуў Андрэй..— Я б не пабег тады з поля, але мне здалося, што гэта ваш старшыня. Вайцех... — на твары ў Андрэя была просьба. — Я прышоў пагаварыць. Ніхто не павінен ведаць, сам знаеш...

Вайцех маўчаў, не глядзеў нават на швагра.

— Вайцеша... Няўжо ў цябе няма душы? Мы ж свае...

— Не напамінай мне. Ты мне не свой... Мала, што ты мне быў свой... — гэтыя словы, як нажом, разанулі Андрэя.

— Вайцех... Я ж цябе добра ведаю i ты мяне ведаеш. Я цяпер у тваіх руках...

— Мала, што я цябе знаю... Я цябе не знаю! Я цябе не хачу знаць!

Андрэй зразумеў, куды хіліцца човен, зразумеў, што Вайцех не даецца гаварыць, і пайшоў напрамую:

— Аддай, Вайцех, пасцілку, i мы забудземся на тую ноч... Паслухай...

Чым больш нерваваўся Андрэй, тым больш спакойны, далёкі і непрыступны рабіўся для яго Вайцех. Вось ён падышоў да Андрэя, які асцярожна апусціўся ўсё ж на край лавы, і ўзяўся за крысо плашча: