Не па дарозе | страница 2
— Но-о-о!.. Каняціна! Я табе саб’юся з дарогі, не наперлася па лузе, брухло!.. — закрычаў ён на ўвесь лес, калі конь хацеў звярнуць са сцежкі на поле, дзе раслі аўсы.
Раман спалохана расплюшчыў вочы, падняў галаву, але, убачыўшы каня, які мерна пакратваў хвастом, здагадаўся, што яны яшчэ едуць, і зноў бухнуў галавой у сырую, пахучую дзяцеліну.
«А на лузе, бывала... Жыць можна было, нават сотню-другую прыдбаць. Праўда, не ўсе маглі...» — зноў спакойна затахкалі калёсы і гэтак жа пацяклі Андрэевы думкі.
У такіх справах ён быў завадатай. Ніхто лепш за яго не ведаў усіх лугавін, якія можна было абкасіць без ведзі старшыні, і ўсіх брадкоў, якімі можна было пераправіць сянцо «туды». Сена ўсюды трэба, тут і там... А «адтуль» прыходзілі з першаком, з грашыма... Што і казаць... За луг ён і гарнітур суконны к зіме купіў, боты ялавыя заказаў, набыў нават аўчын на доўгі кажух. А з лугу летась ехалі як!.. Цыганамі... Ды дзе там цыганам было да іх!.. Ехалі вяселлем, п’яным гармідарам, шматгалосым кагалам. Было з-за чаго. Увесь кут на лузе па яго ж хаўрусу (ён угаманіў і ўлагодзіў былога старшыню; праўда, многа і таму перапала) быў пакінуты і праданы на пні. Гарэлкі было!.. А закускі!.. Бабам і тым хапіла. А сёння?..
— Но! Травяное стварэнне!.. — зазлаваў ён раптам і ні з таго ні з сяго перацягнуў каня па крыжы вяроўкай, што ляжала пад нагамі ў перадку.
Гэты раз Сідарка нават і вухам не павёў.
А сёння?.. А сёлета?.. Аднойчы ён быў памкнуўся намякнуць Лаўкіну пра добрую пераправу за першаком на другі бераг, але той толькі рассмяяўся, ды так, што аж мароз прабег па скуры.
«Ну i што... — падумаў тады Андрэй, — аднаму яшчэ лепш: болей перападзе».
Ен у тую ж ноч сунуўся з возам сена праз брод, але з лазнякоў выйшаў Лаўкін і, ні слова не кажучы, завярнуў каня назад да стогу. Што і гаварыць, затрэсліся тады паджылкі ў Андрэя.. «Турма», — падумаў ён. Але старшыня маўчаў, як сырая зямля. Відаць, не пакараць хацеў, а проста адвучыць чалавека ад цёмных спраў, у якія той увязаўся здаўна. Толькі ж не такі быў Андрэй, як думаў старшыня. Мінула навала, і ён зноў, як воўк, выйшаў на ўловы.
Другі раз яго лапнуў за крыло Лаўкін, калі Андрэй з адным сябрам з другога берага ўціскаў лейцамі вязку сена.
«Адкуль ён узяўся? Яго ж сёння на лузе не было? Ну, цяпер капец...» — думаў Андрэй.
Старшыня ж зноў слова не сказаў, а толькі заліўся знаёмым ужо Андрэю смехам, i той зарокся дакранацца да сена аж пакуль не кончылі касіць. Гэта быў ужо не смех... У ім, як прыдалося Андрэю, была пагроза. Ён улавіў яе... А каму не шкада сваёй скуры!..