Не па дарозе | страница 28
Адзін Вайцех ля калёс, адзін са сваёй Юлькай... Кацярынчык з Сашыным, узяўшы лапаты, падаліся наперад, на могілкі. Убачыўшы прыбітага горам Вайцеха, ім нічога не заставалася, як памагчы яму пахаваць жонку, якая і іх — партызан — заўсёды сустракала, як маці і сястра.
Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі.
Толькі цяпер Вайцех успомніў, што навокал ноч, кароткая летняя ноч, і што трэба спяшыць вярнуцца назад, што хлопцы таксама рызыкуюць i што з імі няма больш Гарэліка.
Вайцех з мальбою глядзеў на каня, калі той рухавей затупаў, падымаючыся на горку. Ляскаталі калёсы, парушаючы спакой ночы і зноў хаваючы ад вушэй Вайцеха рэдкія стрэлы.
Неўзабаве рызматай чорнай пасцілкай на фоне неба паказаліся вялікія старадаўнія вясковыя могілкі.
Разведчыкі моўчкі знялі труну з калёс і гэтак жа моўчкі апусцілі яе ў чорную ад цемнаты яміну.
Гарачыя слёзы змешваюцца з халодным белым пяском. Іх ніхто не можа ўбачыць у начным змроку. Іх толькі можа адчуць жалеза лапаты, якая назаўсёды закрывае ад вачэй Вайцеха любімага чалавека.
...Вайцех апошні пакідае могілкі...
Ужо на золаку, перасекшы шашу, разведчыкі падаліся ў бярэзнік, што вёў у пушчу, дзе спакойна бруіла неглыбокая Дзвінаса.
Яны ішлі насустрач зары, што пералівалася на сходзе.
Вось ужо, здаецца, апошні небяспечны пераход. Яны мінуць лагчыну, і тады іх праглыне векавая пушча. Але лагчыну перасякае дарога, што вядзе на шашу. Яна цяпер спакойная, толькі запыленая трава каля яе гаворыць пра многае...
Разведчыкі прыслухаліся...
— Не падымацца на ўвесь рост... — напярэдзіў Сашын.
Толькі ён высунуўся на дарогу, як недзе збоку гыркнуў аўтамат, праціўна, з нейкім лязгам...
Тады заварушылася, закудахтала ўся лагчына. Відаць, немцы, рухаючыся ў кірунку Дзвінасы, размясціліся тут нанач.
Іх згледзелі. Самае страшнае — іх зноў хацелі акружыць, адсекчы дарогу туды, да Дзвінасы.
— Хлопцы... Прарывайцеся адны. Берагам... Я прыму агонь...
Вайцехаў голас вывеў Сашына з разгубленасці: той не ведаў у гэтым баку дарог. Рашэнне Вайцеха было самае разумнае.
Вайцех, аддаляючыся назад, туды, адкуль яны ішлі, пачаў страляць кароценькімі чэргамі па пяць-сем патронаў. Яны выдзяляліся з працяглага лапатання буйнакаліберных нямецкіх кулямётаў.
Сашын i Кацярынчык папаўзлі на дарогу.
«Во чорт! Зноў напароліся... Заразы гэтай тут да гібелі...»
Раптам Вайцех адчуў, што аўтамат у руках больш не ўздрыгвае. Ён адвёу затвор назад. Цяпер ужо бачыў эсэсаўцаў. Светлым раннем іх мундзіры здаваліся аж сінія... Эсэсаўцы, прыгнуўшыся, беглі бярэзнікам у яго бок.