Не па дарозе | страница 27



Як можа стрываць сэрца чалавека, калі ў яго аднімаюць самае дарагое!.. Яно не вытрымлівае, яно абліваецца крывёю, яно баліць, ные...

Вайцех, зарыдаўшы, прыпаў да яе грудзей...

«Устань жа, устань... Хоць апошні раз адплюшчы вочы, зірні... Я тут... Я не пакіну цябе... Я з табой, горачка маё, гора...» — яму здаец­ца, што ён плача, прымаўляючы, крычыць, а ён толькі думае. Думае ціха, уздыхаючы.

Да яго пляча дакранаецца Андрэй:

— Я збегаю да Сідаркавага хлопца... Па каня...

— Як жа ты пабяжыш нядужы?..

— Нічога. Вось убачыш... За платы буду трымацца, а дабягу. Ен жа з канём начуе дома. Тут недалёка. А што б я адзін зрабіў? Пакуль прышоў з ёй — знямогся. Ды і ў плячы смыліць, ные... Чакаў, пакуль хоць баба якая з лесу прыдзе; прасіў жа праз Сідарку, каб жонка падышла, калі не збаіцца... А можа заўтра пахаваем яе з бабамі самі? Ідзі, калі трэба, у брыгаду.

— Ты многа гаворыш, Андрэй. Бяжы да Сідаркі...

Вайцех зменшыў агонь у газоўцы і застаўся ў хаце адзін; адзін на зэдліку ля сваёй Юлькі, якая пакідае цяпер яго назаўсёды. Жудасная цішыня запанавала ў хаце. Вайцеху здаецца, што Андрэй павінен вось ужо вярнуцца назад, што ён доўга затрымаўся, хаця яшчэ стаіць у вушах стук дзвярэй, калі Андрэй выходзіў з хаты.

Вайцех услухоўваецца ў цішыню. Але цішыні даўно няма, яна ажыла. У хаце моцна гамоняць, аж звініць у галаве. Поўна вясковых дзяўчат, ад застолля да самага парога. Яны весяляцца, ідуць карагодам. Яны знікаюць і зноў паўстаюць, прыгожыя, зграбныя. I сярод іх— Юлька... Уся ў белым, да пят. Толькі звіслі на грудзі яе чорныя косы. Яна вядзе карагод, яна некуды зманьвае за сабой дзяўчат, затым паяўляецца ў дзвярах. За ёю зноў дзяўчаты з вянкамі... Яны зыходзяць са столі, прыплываюць з вокан, акружаючы Юльку. Што гэта?... Яны пяюць. Пяюць працяжныя жніўныя песні. Але чаму так жалобна, так сумна?.. Чаму яна, Юлька, не скажа ім пець што-небудзь іншае?..

Вайцех зноў зарыдаў, прыпаўшы да яе грудзей.

Расчыніліся дзверы, і ў хату з аўтаматамі ў руках увайшлі Каця­рынчык з Сашыным. Убачыўшы схіленага над дамавінай чалавека, яны трывожна пераглянуліся між сабой і, зняўшы шапкі, ціха наблізіліся да Вайцеха.

...Стукае далёкі кулямёт, стукаюць па калдобінах грэблі калёсы, стукае Вайцехава сэрца.

Ідзе Вайцех і не чуе ён ні тарахцення колаў, ні таго, што ў кустах заліваюцца салаўі.

Ідзе Вайцех збоку калёс і трымаецца за дамавіну. Асцярожна пасоўваецца рука па яе шурпатай, негабляванай паверхні. Конь ледзь калдыбае па няроўнай дарозе. Ен таксама замучаны.