Не па дарозе | страница 26



— Мінаю... мінаю падарвалася... — нібы вострыя дзіды калолі словы Вайцеху ў сэрца. — Я пераступіў... А ёй собіла наткнуцца.. — пасля нехта заплакаў голасна, дзіка; затым маўчаў, а тады зноў выводзіў спакойна, надрыўна: — А я яе нёс... А я прытуляў... — гэта ўжо было не гора i не слёзы чалавека, а бог ведае што...

Сэрца ў Вайцеха закамянела. Ен адчуў, як халадзее ўвесь, астываючы, нібы пасля агню, з якога яго выратавалі.

Ён апусціўся на калені і, пагладзіўшы далонямі Юльчыны рассы­паныя мокрыя валасы, падняў на руках ад зямлі яе галаву і прыпаў да халодных вуснаў. Затым стаў цалаваць у цвёрды астылы лоб і пабялелыя шчокі... Пачаў раскрываць яе ўсю, адхінаючы пасцілку і не бачачы свету. Глянуў туды, дзе павінны былі быць яе ногі, ён убачыў толькі ўмазаную ў нешта чорнае падлогу.

«Запяклася кроў... — недзе мільгануў абрывак думкі. — Можа б і жыла, каб адразу перавязалі. Жыла б, напэўна жыла б...» — тут ужо ён не мог быць уладаром над сваімі слязьмі. Яны цяклі па шчоках, па барадзе, капалі на рукі. Калі падняўся, яму здалося, што зямля правальваецца пад ім.

Няпраўда, што слёзы аблягчаюць гора... Яны цяклі і раз’ядалі душу Вайцеха.

Адна думка толькі цяпер можа i аблягчала гора Вайцеха; не, яна проста прымушала нешта рабіць. прымушала варушыцца, i гэта хоць. крышку магло адцягнуць яго ад балючай сапраўднасці: памёршага заўсёды хаваюць...

Ды i як жа пакінуць яе тут... Пакінуць на аднаго кантужанага бра­та, за якім таксама патрэбен догляд. Не. Вайцех гэтага не зробіць. Ен правядзе яе ў апошні шлях сам, сам закрые яе вочы. Ён не пакіне, не аддасць яе нікому на свеце... Яна — яго, яго назаўсёды... Ён пахавае яе на могілках, пахавае сёння ноччу i затым будзе прабірацца да сваіх...

Вайцех знімае аўтамат, кладзе яго на ўслончыку ля печы i пачынае хадзіць па хаце:

«За што зачапіць рукі?..»

Андрэй панура сядзіць на ложку, не паварухнецца. Ён здранцвеў.

— Дзе вам собіла?.. — словы Вайцеха прымусілі таго ўздрыгануць.

— На дарозе.

— А дзе Аля?

— У лесе, з бабамі... Яна не ведае...

— I не гавары ёй... Сякеру і пілу знайдзі. I цвікоў.

Праходзіць час, і цьмяна асветленую хату напаўняе глухі звон пілы аб смаляныя ўсохлыя дошкі, што да гэтага дня былі яшчэ столлю...

Пакладзеныя ў дамавіну пасцілкі былі паверх накрыты белым абрусам, які прынёс Андрэй недзе з хлява. Дамавіну паставілі на ўслоне пасярод хаты.

Твар Юлькі яшчэ больш пабялеў, калі яго з бакоў атуліў белы абрус. Чорныя доўгія яе валасы Вайцех расчасаў, паволі заплёў косы і паклаў іх ёй на грудзі.