Не па дарозе | страница 25



«Значыць, у хаце людзі...» — Вайцех паклаў палец на курок аўтамата.

Доўга прышлося шукаць клямкі. Нарэшце, зарыпелі набраклыя дзверы, і хтосьці, заварушыўшыся, усхапіўся з ложка і сеў. Яго цяжка было разгледзець у цьмяным святле газоўкі, што паблісквала ў глыбіні хаты. Ці здалося Вайцеху, ці той застагнаў:

— Хто тут?.. — залішняя хрыпата ў голасе выдала Андрэя.

— Свае... Вайцех... — Вайцех здзівіўся, як гэтй яго не мог пазнаць з-за парогу Андрэй.

— Ы-ы-х... — цяпер ужо моцна застагнаў на ложку Андрэй i, адваліўшыся да сцяны, ухапіўся за галаву.

Вайцех кінуўся да яго. Той плакаў, заплюшчыўшы вочы і ашчэрыўшы сціснутыя зубы. Плакаў без слёз, наўзрыд...

Вайцех схапіў яго за плечы і стаў трэсці, затым кінуўся ў парог, шукаючы вядро з вадою. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў хаце амаль нічога не было: ні ў першым, ні ў другім пакоі, дзе гарэў агонь. Ні стала, ні лаў, ні пасуды. У запечку было поўна саломы, якую, відаць, вытраслі з сенніка. Усё было перавернута ўверх дном. Развёўшы рукамі, Вайцех вярнуўся да ложка, не ведаючы, чым вярнуць да прытомнасці Андрэя. Але той ужо сядзеў, звесіўшы долу доўгія ногі. Сядзеў, неяк занадта выпрастаўшыся, і адкідваў назад галаву. Барада яго трэслася, і, здавалася, што яго ўсяго схапіў стаўбняк. Вось Андрэй перавёў чырвоныя вочы з Вайцехавага твару некуды ў глыб хаты, і зноў яго затрасло, курчачы ў сутарзе рукі.

— Што з табою, Андруша?

Андрэй раптам саскочыў з ложка і, не ўстаяўшы, усім сваім цяжкім целам прыпаў да Вайцеха. Вайцех адчуў, як яму ўпёрся ў жывот дыск аўтамата. Ён пахіснуўся, спалохаўся хворага чалавека. Твар таго гарэў, як у агні.

— Я жывы застаўся. Са мной нічога... Але з ёю... — ён зноў зарыдаў, і Вайцеху прышлося выцягваць з яго амаль кожнае сло­ва. — Не ўратаваў яе, не ўбярог... Гора мне... гора... Рэж мяне, бі... Мне будзе лягчэй... Не маўчы толькі...

— Дзе? Што?.. — Вайцех замітусіўся па хаце, вызваліўшыся ад Андрэя. А той, стогнучы, кінуўся да сцяны, дзе раней заўсёды стаяў куфар, і ўпаў на нешта цвёрдае, загорнутае ў пасцілку.

«Няйначай кантузія сказваецца на чалавеку...» — Вайцех яшчэ як след не мог разабрацца, што зрываецца ў Андрэя з языка, але адчуў, як яго самога страсянула, нешта застукала ў скронях. Ён падняў Андрэя i сам, нагнуўшыся, адхінуў рог пасцілкі... Цьмянае святло газоўкі асвяціла белы твар Юлькі. Знаёмы, дарагі твар... Вайцеха хістанула, выпрастаўшыся, ён прыпёрся да сцяны. Яму здалося, што ён моцна закрычаў, але сам гэтага не пачуў. Нешта гарачае здавіла горла i пачало душыць... Хату завалакло туманам, святло газоўкі здавалася вялізным полымем, што шугала недзе далёка-далёка ў цемені. Забалела галава востра-востра, прыступамі... Нехта недзе гаварыў Андрэевым голасам у гэтым змроку i дыме, дзе цяжка было дыхаць...