Не па дарозе | страница 22
Нарэшце, ашалелыя эсэсаўцы кінуліся ноччу да рэчкі і прарвалі абарону кутузаўцаў...
Партызаны адступалі ў кірунку Бягомля, на Палік. Жоглаўка і Леснікі адразу былі заняты немцамі. Кутузаўцы пераправіліся праз раку Дзвінасу і стрымлівалі націск немцаў з боку Жоглаўкі.
...Да Паліка далёка. Палік — возера, балота, пушча. Туды бягуць усе бліжэйшыя раёны: Плешчаніцкі, Лагойскі, Бягомльскі... Партызаны з боем і без бою, ноччу і днём здаюць немцам вёскі ў пажары. Але покуль той Палік... Урэшце трэба будзе ісці на прарыў. Уперадзе баі, голад, твань, «месеры» з бомбамі, эсэсаўцы з аўчаркамі, што выцягваюць чалавека з-пад любога карча...
Ісці на прарыў трэба цяпер, тут, каля Дзвінасы...
Так рашае камандаванне партызанскіх брыгад «Народнага мсціўца» i «Кутузава».
Штаб брыгады Кутузава размясціўся ў вёсцы Вінера, якая туліцца за Дзвінасой. Камісар брыгады Мясуноў, шыракатвары, нервовы мужчына з чырвонымі ад бяссонніцы вачыма, які замяняе раненага камбрыга, выклікае з перадавой пазіцыі брыгадных разведчыкаў... Вайцех забягае ў крайнюю — штабную — хату апошні... Ім, чатыром разведчыкам, трэба пранікнуць у тыл ворага у раёне Леснікоў — Жоглаўкі, разведаць размяшчэнне немцаў, іх магчымыя слабыя месцы, каб, прарваўшы абарону на Дзвінасе, можна было адразу адарвацца ад праціўніка.
Іх чацвёрка: камандзір брыгаднай разведкі Сашын, Вайцех, яго аднавясковец Іван Кацярынчык і невысокі маладзенькі Міцька Гарэлік. Яны пакінулі Вінеру на заходзе сонца.
Ноч іх атульвае за Дзвінасой, у дрымотнай пушчы, што вядзе ў Ямское, дзе пачынаюцца пакінутыя зямлянкі іх брыгады.
На гэты бок Дзвінасы да Леснікоў цягнецца нізінная пясчаная каса — вясновыя намывы і наносы. На ёй нічога не расце. Каса вядзе да маладога сасняку, дзе цяпер паблісквалі ў цемені кастры. Каля іх мітусіліся людскія сілуэты.
Вайцех зразумеў, што наблізіліся да першай пазіцыі немцаў. Яе не абьійдзеш: яна цягнецца кіламетраў на сем у адзін і ў другі бок аж да непраходных балот, якія нават i ноччу абстрэльваліся з мінамётаў.
Ідуць ланцужком, сагнуўшыся: Вайцех, Кацярынчык, Міцька i Сашын. Прыпыняюцца, прыслухоўваюцца. Галоўнае, не выдаць сябе раней, чым паспеюць дайсці да акопаў.
...Немцы перасталі страляць: вячэралі. Выдалася хвіліна цішыні. У яе назойліва ўрывалася незнаёмае шваргатанне, i недзе ўперадзе ракаталі маторы. Затым зноў усё патанула ў траскатні i клёкаце. Вайцех адчуў, што падчас страляніны смялей ісці: па крайняй меры, ведаеш, дзе ражон.