Не па дарозе | страница 23
Канчалася каса. Кулямёты, відаць, вартавыя, загаварылі ззаду. Стралялі ўжо не ў іх бок. Сасняк уперадзе зліваўся з цеменню; ярчэй заблішчэлі кастры і заляпалі нейкія бляшанкі. Агеньчыкі цяпер палалі па ўсяму саеняку ўздоўж касы, і недзе там, у кутку, ля балота яны мітусіліся папяроскамі.
Сашын падаў знак «прарыў!». Прыўзняўшыся, Вайцех заўважыў перад сабой жоўты пясок бруствера. Завагаўшыся, прыпыніўся без усякага сігналу, і ланцужок, якім яны ішлі, парушыўся. Вайцеха ўжо міналі разведчыкі. Сашын ціхенька свіснуў, што значыла «бягом»: пачыналіся акопы. Вайцех заўважыў, што хлопцы нырнулі ў цемнату. Ён рынуўся да бруствера і скокнуў уперад.
Цяпер па ўсім сасонніку шумела страляніна.
Вайцех шмыгнуў у гушчар ля нейкага бліндажа, відаць, штабнога. Каля яго не было салдат, толькі адзін вялізны немец стаяў у дзвярах навыцяжку і не звяртаў увагі ні на страляніну, ні на чалавека, што пёрся амаль на яго.
Тут было цэлае скопішча эсэсаўцаў. Сасняк ля самай дарогі, за якім пачыналася багна, даў ім тут прытулак. Яны ляжалі ў акопах параспрананыя або проста на зямлі ля агнёў...
Стралялі ўжо ў Вайцеха, але кулі свісталі недзе ўверсе.
Ад агню яму раптам насустрач кінуўся нехта сагнуты з пісталетам у руцэ. Вайцех, націснуўшы на курок, ткнуў ствалом аўтамата яму ў грудзі, адкінуўшы таго потырч на зямлю.
Лес стагнаў ад стрэлаў і крыку.
Трэба было ратавацца...
***
Такая цішыня... Здаецца, далёка чуваць, як лопне пад нагою порхавачка...
Насцярожанасць змяняецца сумам. Ён выплывае аднекуль з невядомага яшчэ кутка душы, як з цемры лесу, i, нарастаючы, прымушае задумацца i зажурыцца.
Вайцех павярнуў бы адгэтуль за Дзвінасу: заданне ж, лічы, выканана. Ясна. Прарыў трэба рабіць у кірунку лагераў. Але ж ногі чамусьці не слухаюцца, цягнуць туды, у Жоглаўку, дзе ён некалі ўпершыню сустрэў сваю Юльку... Ага. Цяпер Вайцех ведае, што не дае яму павярнуць назад. Не толькі трывога па разведчыках... Іх у Жоглаўцы няма, ён гэта знае... Але хвіля сюды, хвіля туды. За ноч ён паспее прабрацца за Дзвінасу, ён будзе бегчы, пакуль хопіць сілы... Ен вернецца, даложыць аб усім Мясунову, але каб толькі пабачыць яе i дачку...
У цемры лесу неспакойна варушыцца чалавек, i трывожна б’ецца яго сэрца.
Пра свой дом Вайцех не думаў. Згарэла i хата, i варывенька; паабгарэлі таполі і стаяць чорныя, пажоўклыя. Ен пранік хмызняком на загуменне, заглянуў да сябе ў хлеў, што застаўся цудам. Пахла гарам, дымам, печанай бульбай i прэласцю, якая ішла ад размяклай гліны на пажарышчы. У хляве на памосце валялася сена, сапрэлае, пацёртае. Вайцех капнуў нагой і ўбачыў тры мятровыя кійкі-стэкі. Ён падняў адзін з ix i тут жа з агідаю, адкінуў. Зрабілася мутарна: стэк быў запэцканы ў кроў...