Не па дарозе | страница 21
Дачка! Толькі дачка, адзіная, самая меншая з сям’і, можа загаіць яго раны душы, а астатняя радасць — не радасць. 3 трох сыноў у вайну ўцалеў толькі адзін. Ён недзе ў арміі. Афіцэр... Ён любіць бацьку, але не так, як дачка...
Чым больш Вайцех стараўся не думаць пра мінулае, яно неяк само лезла недзе адтуль, з яміны далёкіх, горкіх год. Яго варушыў, у ім капаўся адзін чалавек, з якім Вайцех у жыцці ніколі больш не хацеў сустракацца. Гэта — Андрэй, яго швагер. Гэта ён не хацеў тады, каб Юлька жыла з ім, ён гразіў прыкончыць яе.. Хоць праз многа год, але ён, здаецца, стрымаў сваё слова. Ён сапраўды збяёдаў яе...
Нехта разумны сказаў: калі ў людзей у жыцці разыходзяцца дарогі, то разыходзіцца i дружба. А ці была ў іх наогул дружба? Калі i была, то даўно разышлася, а вось дарогі ніяк не маглі размінуцца.
«Не. Не я стаў яму папярок... Не! Божа барані!.. Ён мне ўсё жыццё атруціў... Ад сонца засланіў... I выходзіць, што я цяпер магу яму адпомсціць... — думаў Вайцех, не знаходзячы сабе месца ў хаце. — Можа ён так будзе думаць... Не помста ў маім сэрцы гаворыць... Цяжка мне пакрывіць душою з-за такога чалавека, які нікому на свеце вось на гэтулькі не зычыў дабра...» — Вайцех дакрануўся пальцам да кончыка завостранага алоўка, які ляжаў на акне. Ім нядаўна нешта пісала Аля — яго дачка. Ён апусціўся на лаву і глянуў у гародчык. Лісце з чаромхі ўжо густа пакрывала зямлю. Курчыўся і чарнеў ліст на бэзе. Пад кустом язміна капаліся куры. Яны былі задаволены ціхім, бесклапотным летнім днём, які нёс адметы восені. Але дзе ім зразумець гэта... Капаюцца і ўсё. Як ім добра, вольна i прасторна пад кустамі бэзу і чаромхі, у цяньку.
Толькі... што гэта?.. Вайцех упіўся вачыма ў зямлю. Патроны... Яны, аўтаматныя патроны... Куры перакочваюць іх дзюбамі, як сухія стручкі гароху... Вайцех аж задрыжаў ад радасці. А ён думаў, што яго аўтамат замоўк. Не... Яму трэба толькі паўхвіліны, каб набіць ражок, i тады немцы зноў адкоцяцца ў лагчыну. Разведчыкі застануцца жыць i прабяруцца ў брыгаду... Вочы яго расшыраюцца i становяцца нерухомыя, барада апускаецца на кулакі, лоб дакранаецца шыбіны.
Вайцеха паглынаюць успаміны...
***
Пушча цягнула ад сябе вячэрняй цішынёй. Хацелася адпачыць ад бяссонніцы i стомы, забыцца на ўсё, перачакаць ліха... Але было не да забыцця.
Здаецца, нехта водзіць палкай па частаколу, нехта скідвае з гары дошкі адну за адной...
Рэха ад стрэлаў далятае да іх адусюль: злева, справа, спераду, ззаду... Апошняя нямецкая блакада. Немцы кінулі з фронта рэгулярныя часці на партызанскія раёны. Брыгада Кутузава трымала шэсць дзён абарону па рацэ Віліі — ад Камена да Пагоста. Немцы нерваваліся, лезлі з ходу да рэчкі, пасыпалі ўзлессе мінамі. Бухалі іх гарматы і надакучлівыя «месеры» шнырылі над неглыбокімі партызанскімі акопамі. Немцы ў гарачцы і ў злосці гатовы былі на ўсё. Яны перлі перад сабою да рэчкі жывёлу, а самі, тулячыся за яе, краліся да берага... Або, сабраўшы каменскіх і пагосцкіх жыхароў,— жанчын, дзяцей, старых,— гналі іх у брод, а самi ціснуліся за імі ззаду.