Не па дарозе | страница 16
Толькі не гэта цікавіла цяпер Андрэя. Нібы растраўлены блізкай здабычай звер, Андрэй не мог доўга ўстаяць на месцы. Але днём на такую здабычу не кінешся, і ён павярнуў з Жукаўшчыны. Тым больш, што душу недзе глыбока тачыў нейкі чарвяк; ён уядаўся ў яе, нібы жук-разак у падпаранае пад карой, праляжалае на зямлі дрэва... Ныла сэрца. Тут быў i страх, і ваганне, i адсутнасць надзейнага памочніка, што Якубчык лічыў самым важным.
«Аднаму?.. Рызыкоўна. Хіба адзін у полі воін?.. — горка ўсміхнуўся ён. — Але каго ж запалучыць? — моршчыў ён лоб. — Каб жа гэта Жукаўшчына была на загуменні, і хлопец мой падбег бы, не зломак ужо, — падумаў ён пра сына, — а то ж далеч, чысты свет...»
Як ні круціў Андрэй, а вымушан быў спыніцца на Рамане Сідарку.
«Гэты ўжо раз быў, тады... Хоць мала з яго толку, але ж язык у яго, як у цяляці: не пляце абы чаго па вёсцы. I патрымацца за шкляное рыльца любіць...»
Прышоўшы дадому, Андрэй рынуўся на ложак, як стаяў: у пінжаку, у ботах, нават шапкі не знімаў.
— Засну троху. А ты, Вова, — клікнуў ён сына, — прывядзі да мяне Сідарку, так пад вечар.
— Добра, збегаю, — прапісклявіў той у адказ, возячыся ў парозе з іржавым веласіпедным вобадам, падганяючы яго пад леташнюю тачку, якая была на цяжкім коле ад арфы.
— А дзе маці?
— Жне за вёскай...
— Глядзі не забудзься... — адвярнуўся Якубчык спіною на хату i хутка засоп у нос.
Праз гадзіны дзве яго і расштурхаў Сідарка, увесь заспаны і ўскудлачаны, відаць, пасля ўчарашняга ён яшчэ не да адной удавы забягаў за чаркай, абяцаючы скасіць ёй шнур сенакосу, выдзелены на працадні. Вочы яго зусім асалавелі і плюшчыліся. Расшпілены пінжак, укачаны ззаду ў пер’е, ссоўваўся з плеч. Галава не паварочвалася, язык яго зусім не слухаў, мусіць, перасохла ў роце.
— Што табе трэба? Ад твайго шчанюка адбою няма, к чорту матары!.. Прыстаў, зануда, і цягне з ложку... Я б яму паказаў, каб матка не ўмяшалася... — зыбнуўся Сідарка і нахіліўся над Андрэем.
Той адразу, пачуўшы голас Рамана, ускочыў, працёр вочы, сыкнуў на Вову, каб ён вымятаўся прэч і, узяўшы Сідарку за абвіслы лацкан пінжака, павёў да стала.
Сідарку нельга было ўламаць. Нічога не хацеў слухаць: кажы яму канкрэтна, чаго пазваў — і ўсё.
Тады на стол з’явілася бутэлька і галоўкі цыбулі з чэрствым хлебам. Андрэй асцярожна, здаля ўпамянуў пра Жукаўшчыну.
Выпіўшы крыху, Сідарка ачухаўся ад сну. Ён даўно ўлавіў, куды хіліць Андрэй, але рабіў выгляд, што нічога не цяміць з туманных намёкаў соннага чалавека.