Не па дарозе | страница 17
Нічога не зробіш...
На стол з шафы была пастаўлена другая паўнюткая бутэлька, аж на газетную затычку, i масла на талерцы.
Цяпер ужо Андрэй развязаў язык. Усё ўмельства ўгаворваць ён выклаў тут, за сталом. Сам ён не выпіў нічуць, так толькі, для віду прыгубляў шклянку. А Сідарка, слухаючы няхітры план начной малацьбы Якубчыка, чэрпаў лыжкай масла і, патакваючы, ківаў галавою.
— Калі махнём удвух — не забавімся доўга. Сюды-туды, сноп пад калені і канец... — шэптам даводзіў Андрэй.
— Каму канец? Сідарку не канец... Сідарка нікуды не кранецца... Не палезе, як дурны на вароты... Факт.
— Не вярзі абы чаго. Возьмем мяшкі і пудзікі па два прыцягнем. Будзем збірацца, пара. Хопіць, хопіць! — учарэпіўся Андрэй за бутэльку, а то ты i так цягнеш не ў той бок. Стукнула ў галаўню. Так нічога не выйдзе. Слухай, Раман, ты даўно хадзіў туды на поле?..
— А масла тваё неблагое... жоўценькае... — ужо наўгад ткнуў Сідарка відэльцам у талерку.
Толькі ад Андрэя не так лёгка было адвязацца. Ён, мусіць, скумекаў, што хлопец залішне прыкідваецца, бо не такі ён i п’яны ад якога там паўлітэрка.
— Ты ў мяне глядзі... А ну вылазь з-за стала! Чуў?
— Нічарта не чуў!.. — гукнуў у адказ Сідарка. — Ведаем усе твае думачкі... Хопіць! Сідарка не такі... Не-е... Не абдурыш, як на лузе...— Раман піхнуў локцем бутэльку, яна зазвінела аб посудак і пакацілася па стале.
Андрэй хуценька сабраў усё з абруса i перанёс у шафу, злосна ляпнуўшы дзверцамі.
— Раман, перастань прыдурвацца, зараза!
— Куды схаваў? — цягнуў той рукі з-за стала. — Ладна, нясі, хавай!.. Быў скупы, скупым i здохнеш... — прабубніў ён нарэшце і асунуўся на лаву, апусціўшы пераносіцу на край стала.
Як ні тоўхаў яго пад бокі Андрэй, апроч упартага «адыйдзі!», не мог дабіцца нічога. Затым ён перацягнуў яго з лавы ў запечак, спрабуючы раскатурхаць. Нічога не памагала. Нарэшце ён вывеў таго на двор. Раману ж нібы язык адняло. Ён толькі мармытаў пад нос нешта благое. Якубчык зразумеў, што спаіў хлопца на сваю галаву. Ён плюнуў і пайшоў у хату, пакінуўшы таго праветрыцца на прызбе.
Калі ж ён праз некалькі часу выйшаў на ганак, Сідаркі на двары не было. Злосная лаянка зляцела з вуснаў Андрэя. Ясна, той «п’янюга» захацеў яго ашукаць.
«Але ты ад мяне не выкруцішся, лісіная скура», — скрыгатнуў ён зубамi.
Да Сідаркі дамоў адразу ж быў зноў пасланы Вова. Памятаючы бацькавы словы: «дастаць паршыўца з-пад зямлі», ён забег нават у некалькі хат, куды часцей за ўсё заглядаў Сідарка, але той нібы скрозь зямлю праваліўся.