Не па дарозе | страница 15



Дарогі ён мінаў, ішоў узлессем, затым трапіў на даўнейшую пасе­ку, што за вайну зарасла арэшнікам і асінамі. Маладыя разгатыя рабіны, урадлівыя ў гэта лета, наўкруг абступалі яе. Здалёк здавалася, што яны звешваюць на дол вышытыя прыгожымі жоўта-чырвонымі ўзорамі ручнікі з адмыславатымі шлякамі ля самай зямлі, — дзе абвіслае галлё гублялася ў зялёным малінніку і высокай мятліцы.

Паляна выводзіла аж на Жукаўшчыну, якраз да таго месца, дзе ён спыняўся тады ноччу, едучы з лугу.

Расціснуўшы пальцамі некалькі разбухлых ад дажджу малін, ён укінуў іх у рот, пакорпаўся ля куста, каб знайсці яшчэ якую ягаду, за­тым падаўся ў кірунку да поля.

«Час не марудзіць так, як я», — азіраўся ён па баках. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Андрэю зда­валася, што лес повен падазроных людзей, якія ідуць за ім і шушукаюцца. Але гэта хутка прайшло.

Чаго яго цягнула гэтак у Жукаўшчыну, ён i сам добра не ўсведамляў. Нібы хто повад накінуў на шыю і гне яе, нахіляючы ўсяго ўперад...

Мусіць, хацелася дазнацца адно — ёсць блізка каля лесу снапы ці не?

«Такое густое там было жытцо... Каласы, як волава», — думаў ён.

У адным месцы да паляны блізка падыходзіла дарога. Заіржаў не­далёка конь. Андрэй спыніўся. Затахкалі па карэнні колы, і неўзабаве паказаліся вазы з сенам. Ён не ведаў, што гэта былі за падводы.

«Мусіць, нарыхтоўку цягнуць леснікоўцы», — падумаў Андрэй, падаючыся на другі бок паляны.

Раптам у яго за плячыма ўзнік страшэнны гул, шалёны звон і посвіст непрыемна разануў вуха. Як стрэлы, высока пранесліся тры рэактыўныя самалёты, пакідаючы за сабой у чыстым небе белыя кучаравыя дарожкі — кожны па дзве.

«Ратунку няма ад гэтых чарцей. Выюць дзень i ноч. Можа дзе мітрэнга якая на свеце... — яму раптам захацелася павярнуць у вёску, але ён стрымаўся. — Калі ж іх цяпер у небе больш, чым падвод на дарозе. Снуюць. Кожны па сваё...» — пусціўся ён у развагі, і ногі неяк самі прыбавілі кроку.

Адсюль, з паляны, на Жукаўшчыну можна было прайсці нават днём, і ніхто не заўважыць, бо кожны куст родны бацька.

Высунуўшыся з хмызняку, ён убачыў, што поле ад лесу ўсё было ўсеяна мэндлікамі. Далей, пад вёску, пачынаючы ад дубка, што вытыркаўся сваім верхам з-за нязжатага жыта, у вочы кідаліся кучы саломы: там недзе разварочваўся камбайн. Тут, пад лесам, даволі часта трапляліся высокія валуны, хоць і зямля ў гэтым месцы была на дзіва ўрадлівая. Адкуль з’явіліся яны тут — невядома: магчыма нават ляднік прыпёр іх сюды, i яны ляжаць, як