Не па дарозе | страница 14



Трэба ляцець да яго як мага...

Вуліцай ісці ён баяўся і падыбаў на загуменне па сваім бульбоўніку, які быў яму па пахі. Адтуль ён падаўся ў лазу і выйшаў на лясную дарогу, што вяла праз Жукаўшчыну ў Леснікі, дзе жыў Вайцех.

За вострымі яловымі вершалінамі, здавалася, матлялася сонца, хаваючыся зрэдку за густыя сасновыя шапкі. Халадок, які стаяў у лесе, асвяжаў Андрэя, і ён забываўся пра боль, які напамінаў аб сабе, калі шморгаліся адна аб адну залубянелыя калошыны старых картовых штаноў.

Ішоў ён той самай дарогай, якой бег ноччу, i яму прыпомніліся ўсе ранейшыя падыходы да Жукаўшчыны...

«Відаць, каб не падвёў тады вечарам Сідарка, з ім бы можа б і лепш абмазгавалі... А што гэта піскляня, — падумаў ён пра сына, — магло зрабіць? Што яно яшчэ цяміць...»

Думкі вярнулі яго да той няшчаснай начы.

***

Шурка не вельмі іх паіла. Усю справу, мусіць, сапсаваў Сідарка, папрасіўшы аднойчы авансам да літроўкі яшчэ і дваццаць пяць рублёў. Тады яна адразу закапрызіла, закруціла носам і заявіла, што ў тую ноч прывезлі не снапы, а нейкае аб’еддзе, з якога яна ледзь нацярушыла паўмяшка.

Ды нічога. Усё можна паправіць. Няма на свеце такой справы, якую б не ўладзілі Якубчык з Шуркай. Назаўтра ж ён дамовіўся падкінуць ёй чысцейшага зярняці, за што тая паабяцала «хлёсткую выпіўку» і адразу падсунула паўнюткую шклянку горкай. Трымала Шурка і «сапраўднае зелле», якое стаўляла толькі ў крайніх выпадках, калі ёй здавалася, што справа вось-вось застыне і яе трэба зрушыць з месца. На Андрэя гэта дзейнічала больш, чым жончын чапяльнік, якім тая частавала яго, калі ён вяртаўся ад Шуркі «пад мухай».

Кажуць, абяданага тры гады чакаюць. А Андрэй не мог вытрываць нават i трох дзён да паабяцанага Шуркай пачастунку.

Прыехаўшы з лугу, ён павінен быў па нараду касіць атаву ў канцы вёскі. Гэтымі днямі ён кідаўся ў хваробу і адлучаўся ад мужчын. Крыху пабрындае з касой каля платоў і — дадому.

«Трэба і сабе агледзець дзе-небудзь вазы на тры. Але ладна ўжо... паспею», — думаў ён.

Сёння Андрэй надзейна прыхаваў касу ад брыгадзіравых вачэй. Заўсёды той наперад пазнаваў, ці пойдзе Андрэй на работу па тым, наклёпана яго каса ці не. Ён браў касу з-пад падстрэшка, дзе яна заўсёды вісела, і спрабаваў клёп пазногцем, часта лаючы Андрэя апошнімі словамі.

Гэты раз каса была надзейна схавана ў хляве за скрыняй, на якой сядзелі куры, і Андрэй, падаўшыся на гароды, хутка схаваўся ў лазе, што падступала да самых калгасных гумнаў. За ёй пачынаўся малады і густы лес, які паступова, калі аддаляцца ад вёскі, быў парадзелы ад парубак.