Не па дарозе | страница 13
Хлопцу таксама зрабілі перавязку падолкам ад старой крамнай кашулі, i малы цяпер ляжаў на ложку і глядзеў, не міргаючы, у столь і слухаў вохканне бацькі.
— Вох... Ая-ёй... Ох... — з плюхканнем даносілася да Вовы.
«Лучыў жа, зараза, якраз... Ой, пячэ... Пярун бы яго!.. I хлопец ледзь уратаваўся...»
Яму прыпомнілася, як хлопец, дабегшы ўжо аж на загуменне, усё яшчэ крычаў: «Та-а-та!.. Пячэ... Та-та...» «Чаго ты равеш?! Усіх ваўкоў пазводзіш. Тут жа веска. Пачуюць... Заразы ты кавалак...» — сціснуўшы зубы ад болю, затыкаў ён тады сыну рот рукой.
«Дарэмна я на яго вызвяраўся... Яму ж далонь зрашаціла. А мне... Мэнка страшэнная... А заўтра ж i нарад вывесяць».
Андрэю тады здалося, што са стрэльбай да іх падкраўся не Вайцех, а сам старшыня. Ён так і драпануў. У страха вочы вялікія...
«Калі з Леснікоў гасла няма, значыць, гэта быў Вайцех. I маўчыць ён толькі таму, што распазнаў пасцілку...»
У гэтым Андрэй не памыляўся.
«Па-мойму, Вайцех не стане плявузгаць. А мо ён яе i не апазнаў? Не, такі ўсё выкапае...»
— Вой... А-ай... — сціснуў ён зубы. — Калі яна вымакне, соль гэта? Каб таму Вайцеху праклятаму жыцця век не было.
Укручаны агеньчык цьмяна свяціў у другім пакоі аж да дня. Яго цяжка было заўважыць з вуліцы праз завешаныя вокны, таму раніцою на вёсцы было ціха, — як паведаміла жонка. Яна сёння спецыяльна пазней звычайнага пайшла чытаць нарад і даўжэй, чым у другія дні, затрымлівалася каля жанчын, якія, прагнаўшы ў поле скаціну, наперабой балабонілі пра вясковыя навіны.
Дзень прайшоў для Андрэя ў пакутах; ён праваляўся да вечара ў хляве на сене. Забалелі грудзі, цяжка было дыхаць, лежачы на жываце. Нават на бок не давала павярнуцца пухліна, якая ўзнікла за ноч на сцегняках.
«Нехта ж выдумаў, што можна соль з цела вымачыць... Мусіць, пакуль сама не растане i не выйдзе, нічога не паможа. Толькі сэрца не вытрывае датуль...»
Удзень яго ніхто не патрывожыў: відаць, і брыгадзіру было не да Андрзя, бо ён не прышоў даведацца, чаму той не выйшаў на работу. Хаця нічога страшнага: на вочы Андрэй яму не папаўся б, а ў хаце для чужога быў падрыхтаваны адказ — бацька ў доктара.
На ноч ён перайшоў у хату і ўкрыўся на ложку двума коўдрамі. Доўга соп, стагнаў і варочаўся. Заснуў толькі пад дзень.
Раніцой, прачнуўшыся і абмацаўшы рукамі балючае месца, ён зазначыў, што боль суцішыўся і пухліна пачала спадаць.
Адначасова з’явіўся і другі, можа яшчэ горшы боль: трывожна зашчымела сэрца.
«А што, калі Вайцех здурнеў і перадаў пасцілку старшыні?.. Яе недзе пазналі... Як выкруціцца? А можа яна і цяпер ляжыць там непрыкметна ля лесу ў разоры? Чаму я назаўтра не паслаў па яе хлопца? Але маглі і спецыяльна яе пакінуць, каб падкаравуліць і схапіць...» — Думкі паўзлі самыя трывожныя, але ясныя, як божы дзень, — кары гэты раз не мінуць. Адзін ратунак — надзея на швагра, калі той яшчэ не развязаў языка.