Не па дарозе | страница 12



Аднак, хутка яны, міраеды, што не даюць жыцця яму i калгасу, знікнуць з вачэй, застануцца жыць, адседзяцца і зноў прыдуць.

— Стой!.. Стой!.. Спыніся!..

Хлапчанё дабегла да кустоў і расплылося ў цемені, знікла. Дзесьці на канцы ствала ён улавіў чорную, сагнутую мужчынскую постаць. Аж два пальцы націснулі на куркі. Чырвоны язык полымя лізнуў цемень... Гулкі, перакацісты стрэл разлёгся па Жукаўшчыне.

Працяглае рэха пакацілася па лесе і доўга, са стогнам, адклікалася то з-пад луга, то з-пад вёскі. Карацей і драбней адказалі імшары з бярэзнікам.

Яшчэ гусцейшая цемра схавала ўсё ад вачэй.

Толькі там, дзе зніклі прышэльцы, шумеў лес і трашчала сучча. Затым стала ціха: відаць, тыя прыселі аддыхацца або выйшлі на дарогу.

Ад стрэлу звінела ў вушшу.

«Соль... чорт задзяры... — успомніў Вайцех і, пашкадаваўшы, сплюнуў пад ногі. — Не гэта трэба на такіх...»

Раззлаваны, ён шпарка пайшоў назад. На месцы «малацьбы» прыпыніўся, пастаяў, падумаў. Затым падняў з зямлі пасцілку і за рагі панёс яе да бліжэйшага мэндліка. Пастаяўшы яшчэ крыху ля снапоў, ён сеў на край разасланай на ржышчы пасцілкі і скруціў цыгарку. Запаліў сярнічку, прыкурыў. Асвечаны на момант васьмінітовы ўзор на пасцілцы сцебануў яму па вачах: такія васьмерыкі вайной ткала яго жонка. Ен спаліў яшчэ адну сярнічку, другую... Апусціўся на калені, разраўняў рагі пасцілкі.

— Я так і адчуваў, што гэта Андрэй... Дакаціўся, швагерка... I сын­ка яшчэ прывёў. Выгадаваў...


III


Андрэй сядзеў на дзяжы, ссутуліўшы свае шырачэзныя плечы і падтрымліваючы валасатымі рукамі ссунутыя з азадка штаны, ды бесперастанку вохкаў. Прыбегшы ноччу з Жукаўшчыны, ён адразу кінуўся ніцма на ложак, увесь час варушачыся і брыкаючы нагамі. Але дзе ты стрываеш ад колкага болю ніжэй паясніцы і ў клубах? I ён «мабілізаваў» жонку, якая, праклінаючы ўсё на свеце, усё ж такі злітавалася і адпусціла дзяжу для адмысловых лекаў. Не пабяжыш жа пазычаць ноччу пасудзіну да суседзяў, якім абавязкова трэба давесці, — што, для чаго і як... Хіба мог дазволіць гэта Андрэй, якому здавалася і цяпер, што за ім гнаўся вартаўнік аж да хаты ды зараз вось-вось адчыніць дзверы?.. Другая дзежка, што была ў хляве на вышках, рассохлася, а ў начоўках такую «працэдуру» вытрымаць было б няёмка: трэба, каб балючае месца не дакраналася да цвёрдага, бо тады боль соваў аж у мазгі.

А соль трэба было вымачыць, бо выкалупаць яе з-пад скуры ніяк не ўдавалася, хаця Вова, якому драпнула толькі па далоні, пачаў як было загадана, тыкаць шпількай у невялічкія ранкі, з якіх сачылася жаўтаватая вадзіца, але нічога не змог зрабіць: бацька падымаў крык. Жон­ку Андрэй у той час не падпускаў да сябе і блізка, хоць яна i памкнулася была «даць рады».