Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 35



К. Маркс адзначаў, што ў склад кіеўскіх дружын уліваліся новыя элементы, «прагнучыя славы і здабычы», якія пазней сфармавалі пануючы эксплуататарскі клас і былі тымі, чыім інтарэсам у першую чаргу служыла гэтая дзяржава.

Мы ўжо бачылі, што найперш дзякуючы рачной гандлёвай магістралі, у дадзеным выпадку Заходняй Дзвіне, узвысіўся Полацк. Гэтак жа і шлях з «варагаў у грэкі» вызначыў значэнне як важных палітычных цэнтраў Усходняй Еўропы Кіева і Ноўгарада. Калі Ноўгарад засланяў яго з поўначы, то Кіеў — з поўдня. Паміж імі і ўзнікла суперніцтва ў аб’яднаўчай палітыцы. У фокусе гэтай барацьбы адразу апынуліся і беларускія землі. Менавіта ў той час і выявілася выключнасць іх становішча: размяшчэнне на скрыжаванні водных шляхоў і ўкліньванне паміж землямі Паўночнай і Паўднёвай Русі. Абшары крывічоў і дрыгавічоў ляжалі ўздоўж вялікай воднай магістралі, і цераз іх праходзілі яе важнейшыя адрэзкі. Полацк знаходзіўся на Заходняй Дзвіне, па якой ішоў галоўным чынам міжнародны гандаль з краінамі Прыбалтыкі>155, а праз дрыгавіцкую зямлю пралёг прыпяцкабугскі шлях, што вёў у Заходнюю Еўропу. Маючы важнае эканамічнае і стратэгічнае значэнне, крывіцкая і дрыгавіцкая землі адразу сталі прадметам барацьбы паміж Кіевам і Ноўгарадам. Без падначалення іх нельга было ўпэўнена валодаць усім шляхам з «варагаў у грэкі», а гэтым самым і мець першынство ў справе аб’яднання ўсходнеславянскіх земляў.

Летапіснае паведамленне 862 г. і выяўляе адзін з момантаў барацьбы за беларускія землі, у першую чаргу за Полацк. Гэты запіс паведамляе гісторыю аб так званым «прызванні» варажскіх князёў Рурыка, Сінявуса і Трувара, кожны з якіх сеў княжыць у Ноўгарадзе, Белавозеры і Ізборску>156. Як бачым, летапіс з’яўленне першых рускіх князёў звязвае з дзейнасцю т. зв. варагаў, пад якімі разумеліся выхадцы са Скандынавіі — нарманы. Як у Заходняй, так і ва Усходняй Еўропе нарманская экспансія насіла розныя формы: пошукі новых земляў і перасяленні, грабежніцкія напады і пірацтва, буйныя ваенныя паходы і гандлёвыя паездкі. Мы не схільны адмаўляць пэўнага значэння варагаў ва ўсходнеславянскай гісторыі, у тым ліку і ў полацкай, паколькі найперш па Заходняй Дзвіне яны пранікалі на ўсход і на поўдзень, пра што сведчаць скандынаўскія сагі. Варагам, бясспрэчна, належыць пэўная роля ва ўтварэнні нашага ваеннафеадальнага класа і купецтва. Аднак яны не мелі і не маглі мець вырашальнага значэння ва ўтварэнні ўсходнеславянскіх дзяржаў, хоць нават і стаялі пэўны час на чале іх. Працэс дзяржаваўтварэння пачаўся задоўга да сярэдзіны IX ст., але паколькі завяршэнне яго супала са з’яўленнем варагаў, то гэта і дало повад летапісцу паказаць апошніх як першых усходнеславянскіх князёў. Трэба таксама ўлічваць, што шэраг гісторыкаў (С. Гедэонаў, I. Забелін і інш.) адмаўлялі нарманскае паходжанне варагаў і лічылі іх выхадцамі з балтыйскіх славянаў. А сучасны гісторык А. Г. Кузьмін паказвае іх як славянізаваных кельтаў