Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 34



I сапраўды, калі лясы кішэлі зверыною і пчоламі, а рэкі — рыбай, не мела ніякага практычнага значэння закідваць паляванне, рыбалоўства і бортніцтва. Яны і давалі прыбавачны прадукт насельніцтву і забяспечвалі пушнінай, мёдам, воскам гандаль, у першую чаргу замежны.

Вызначальную ролю ў гістарычнай плыні як гэтага, так і пазнейшага часу меў водны шлях, які атрымаў у летапісе назву «з варагаў у грэкі», бо злучаў сабою цераз сістэму рэк Дняпра, Дзвіны, Ловаці і Волхава Скандынавію і Візантыю. Уздоўж яго была сканцэнтравана асноўная маса ўсходнеславянскага насельніцтва. Таму зусім заканамерна, што гэта важная водная магістраль, па якой у асноўным ішоў міжнародны гандаль і ажыццяўляліся ваенныя паходы на Візантыю, і стала воссю дзяржаваўтваральнага працэсу. Менавіта імкненне племянной знаці да валодання гэтым шляхам і было грунтам для ўзнікнення Усходнеславянскай дзяржавы, якая атрымала ў гістарычных даследаваниях не зусім правільную назву Кіеўскай (у крыніцах яе няма). Нездарма ж яе ўтварэнне супадае з канчатковым сфармаваннем гэтага шляху ў канцы IX ст., гэтак жа як і яе канчатковы распад у пачатку XII ст. супадае з канчатковай стратай ім свайго эканамічнага значэння.

Дзеля таго і заваёўваліся прылеглыя да воднага шляху землі, каб трымаць у сваіх руках гандаль па ім. Дзеля таго і збіралася з заваяваных земляў шматлікае і шматплямённае войска, каб рабіць з ім паходы на Візантыю. Дасяшенне ўказаных мэт і вызначала галоўныя функцыі гэтай дзяржавы.

К. Маркс называў Кіеўскую дзяржаву «імперыяй Рурыкавічаў», якая была «недарэчнай» («несообразной»), «нязграбнай» («нескладной»), «скараспелай» і «шматковай» («лоскутной»)>154. На жаль, у апошні час гэтая выключна глыбокая і трапная характарыстыка чамусьці забылася нашымі гісторыкамімарксістамі, і яны пачалі паказваць Кіеўскую дзяржаву як цэнтралізаваную і адзіную. У сапраўднасці ж, як і імперыя Карла Вялікага, яна была штучным і таму нетрывалым ваеннаадміністрацыйным аб’яднаннем. У яе наспех і насуперак іх волі і інтарэсам уключаліся племянныя землі, і таму яна не мела агульнай эканамічнай базы.

У такіх гістарычных абставінах становіцца праблематычным узнікненне старажытнарускай народнасці, існаванне якой сцвярджаецца шэрагам нашых даследчыкаў. Вядома, нельга адмаўляць пэўных тэндэнцый у яе складванні, аднак наўрад ці мог мець сваё завяршэнне гэты гістарычны працэс у «скараспелай» і «шматковай» дзяржаве. Сцверджанню аб існаванні старажытнарускай народнасці найперш супярэчыць той яскравы гістарычны факт, што Кіеўская дзяржава распалася канчаткова ў пачатку XII ст. на часткі, адпаведныя ранейшым племянным тэрыторыям. А гэта паказвае, што ўсходнеславянскія плямёны прадаўжалі існаваць. Так, напрыклад, у Лаўрэнцьеўскім летапісе крывічы ўпаміналіся ятпчэ пад 1162 г., дрыгавічы — пад 1149 г., радзімічы — пад 1169 г. Хочацца спадзявацца, што наша гістарычная навука яшчэ раз звернецца да пытання аб старажытнарускай народнасці і ў ходзе плённай дыскусіі будуць вызначаны разнастайныя погляды на гэту праблему.