Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 36
У адносінах да Рурыка і яго братоў хочацца звярнуць увагу на адну акалічнасць. Яны, як сведчыць летапіс пад 862 г., прыйшлі «с роды своими». Нам здаецца, што ў гэтым схавана разгадка таго, чаму трохі раней паўночныя плямёны прагналі варагаў за мора і адмовіліся плаціць ім даніну. Бо тыя варагі былі тыповымі «находнікамі», якія болын клапаціліся пра свае інтарэсы і інтарэсы сваіх родаў, што жылі ў Скандынавіі. Таму прадстаўнікі паўночных плямёнаў, трэба думаць, і паставілі адной з умоў новым варажскім князям ісці з усімі сваімі родамі, чым забяспечвалася хутчэйшае ўкараненне іх у новых землях, а разам з тым і зрашчэнне іх інтарэсаў з інтарэсамі апошніх. Але мы трохі адхілімся ўбок.
Для нас самым важным з летапіснага запісу 862 г. з’яўляецца паведамленне пра тое, што Рурык пасля смерці сваіх братоў зрабіўся адзінадзяржаўцам, стаў раздаваць сваім мужам гарады, у тым ліку аднаму з іх Полацк>158. Нам здаецца, што ў гэтым запісе, незалежна ад таго, наколькі ён праўдзівы ў дэталях, вельмі добра выявілася тэндэнцыя Ноўгарада да ператварэння саюза паўночных плямёнаў, магчыма, добраахвотнага, выкліканага неабходнасцю барацьбы з варагамі, у больш аб’яднаную дзяржаву. Калі ўлічыць, што Рурык пасадзіў сваіх «мужоў», апроч Полацка, у Растове і Белавозеры, то можна лёгка ўбачыць, на якую вялізную тэрыторыю пашырыў сваю ўладу Ноўгарад. Асаблівым поспехам для яго было падначаленне Полацка, што не магло не ўстрывожыць Кіеў і не выклікаць неадкладных мер з боку яго князёў Аскольда і Дзіра. Мы дазволім сабе крыху больш падрабязна спыніцца на наступнай гістарычнай падзеі, паколькі яна пакуль што недастаткова асветлена ў літаратуры, хоць і мела, як убачым, важныя вынікі для лёсу беларускіх земляў.
Дзеля гэтага звернемся да Ніканаўскага летапісу. Трэба зазначыць, што ў ім падзеі, пра якія апавядаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., разбіты на некалькі гадоў. I ў гэтых адносінах Ніканаўскі летапіс хоць і пазнейшая, але болынкаштоўная крыніца, чым «Аповесць…». Сапраўды, усе гэтыя падзеі: і выгнанне варагаў, і прызнанне Рурыка і яго братоў, і смерць Трувара і Сінявуса і інці.— не маглі адбыцца ў адзін год. Дык вось у Ніканаўскім летапісе паведамленне пра раздачу Рурыкам гарадоў дадзена пад 865 г. I пад гэтай жа датай мы чытаем далей: «Ваявалі Аскольд і Дзір палачанаў і многа зла натварылі»