Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 32
Гэтак жа інтэнсіўна, як і ў Полаччыне, але трохі пазней адбываўся этнаўтваральны працэс у Панямонні, дзе на землях балцкіх плямёнаў літвы і яцвягаў таксама сустрэліся крывіцкая і дрыгавіцкая каланізацыя і асіміляцыя. А гэта зноўтакі пацвярджае галоўную асаблівасць пачатковай нашай гісторыі — арганічнае зрашчэнне дрыгавіцкага і крывіцкага насельніцтва, што стала грунтам, на якім вырасталі Беларусь і беларусы. Гэты галоўны закон беларусаўтварэння ў поўную моц дзейнічаў і ў Панямонні. Не дзіўна таму, што тут узнік другі пасля Полацка і роўны яму па значэнню дзяржаўны цэнтр Беларусі, які ў сярэдзіне XIII ст. прыйшоў на змену Полацку. Невыпадкова, што тут вырас і трэці прататып беларуса — ліцвін, які і аб’яднаў усю Беларусь у адзінае цэлае і даў ёй на доўгі час сваё імя.
Але да сярэдзіньі XIII ст. рэй нашай гісторыі вёў Полацк. Вось чаму яна ў гэты час была пераважна полацкая. На нашу думку, рост полацкай тэрыторыі ішоў болынменш бесперашкодна прыкладна да сярэдзіны IX ст. К гэтаму часу па меры рассялення крывічоў улада Полацка на ўсходзе абдымала вярхоўі Зах. Дзвіны і Дняпра, на поўдні заходзіла за Свіслач да вярхоўяў Пцічы, на захадзе цягнулася ад вярхоўяў Нёмана да вярхоўяў Дзісны, на поўначы ішла ад У свята праз вярхоўі Дрысы і далей пара ле льна Зах. Дзвіне заходзіла ў межы сучаснай Латвіі.
Як бачым, Полацк ужо ў IX ст. сканцэнтраваў вакол сябе велізарную тэрыторыю і стаў адным з важнейшых кмагутнейшых дзяржаваўтваральных цэнтраў Усходняй Еуропы. Гэта і дало яму магчымасць выйсці пераможцам з цяжкіх выпрабаванняў, якія пачаліся для яго з сярэдзіны IX ст.
БЕЛАРУСЬ З СЯРЭДЗІНЫ IX СТАГОДДЗЯ ДА KAHЦA X СТАГОДДЗЯ
КІЕЎ — НОЎГАРАД — ПОЛАЦК
3 гэтага часу пачынаецца наша датаваная гісторыя. Праўда, крыніцы пра падзеі гэтага перыяду — адзінкавыя і, што асабліва дрэнна, супярэчлівыя і невыразныя. Яны і з’яўляюцца тымі «костачкамі», па якіх мы і павінны хоць болынменш прыблізна ўзнаўляць нашу пачатковую гісторыю. Вядома, што пры такім стане крыніц нельга чакаць цвёрдых станоўчых сцверджанняў пра гэты час. Мы можам задавольвацца толькі гіпотэзамі.
Пяройдзем да разгляду гэтых пісьмовых паведамленняў. У летапісе пад 859 г. адзначана, што ў той час, як варагі, якія прыходзілі зза мора, бралі даніну з чудзі, славенаў, меры і крывічоў, хазары спаганялі яе з палянаў, севяранаў, вяцічаў. Найболыная каштоўнасць гэтага паведамлення ў тым, што яно сведчыць пра існаванне ў той час двух саюзаў плямёнаў: паўночнага і паўднёвага. Падобна на тое, што летапіс раскрывав і прычыну ўзнікнення гэтых аб’яднанняў, якая заключалася ў неабходнасці барацьбы са знешнімі ворагамі: для першага — з варагамі, для другога — з хазарамі.