Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 31
Магчыма, адной з прычын апошняга з’яўлялася меншая ў параўнанні з Полаччынай ступень рознаэтнічнасці ў гэтым рэгіёне. Балцкі элемент тут, як паказваюць гідранімія і археалогія, быў значна радзейшы і таму слабейшы. Крывічы прыйшді сюды пазней і ў меншай колькасці. Цяжка сказаць, дзе быў племянны цэнтр дрыгавічоў. Наўрад ці з’яўляўся ім Тураў, бо летапісныя і археалагічныя дадзеныя гавораць аб яго ўзнікненні толькі ў канцы X ст. Менавіта заснаванне Турава і было выяўленнем пераўтварэння дрыгавіцкага племяннога княжання ў Тураўскае княства, якое ўжо з’яўлялася тэрытарыяльнапалітычнай адзінкай. Праўда, размешчанае ў непасрэднай блізкасці ад Кіева, яно доўгі час знаходзілася ў сферы яго палітычнага прыцягнення і таму не магло набыць той ролі, якую мела Полацкае княства. I ўсё ж, хоць тураўская гісторыя не была такой бліскучай, як полацкая, нельга прыменшваць яе значэння. Трацячы свае землі на Дзвіне, па Бярэзіне і Друці, дрыгавічы пашыралі сваю тэрыторыю ў Пасожжы, Панямонні і Пабужжы, гэтым самым намнога павялічваючы абшар Беларусі. Менавіта дрыгавічы тварылі сваю гісторыю «без шуму і гвалту», і гэты іх почырк у пазнейшыя надзвычай цяжкія часы страты дзяржаўнасці быў засвоены ўсімі беларусамі. Калі ў Падзвінні склаўся як адзін з правобразаў беларуса — палачанін, то ў Папрыпяцці ў той жа якасці ўзрос паляшук, наш найболей чысты славянскі тып.