Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 28
Але Полацк, як яскрава пасведчыў летапіс, быў і цэнтрам крывіцкага рассялення «наверх Дзвіны, Дняпра і Волгі». Таму, зразумела, прыйшоўшы спачатку на правы бераг Дзвіны, яны пачалі пераходзіць і на яе левы бераг. Як паказвае археалогія, асабліва інтэнсіўны быў рух крывічоў на поўдзень ва ульскаўшацкім міжрэччы, а таксама па Бярэзіне>133. А гэта мела сваім вынікам тое, што крывічы пачалі мяшацца з прыдзвінскімі дрыгавічамі, якія, аддаліўшыся ад свайго племяннога цэнтра ў Папрыпяцці, у сваю чаргу сталі прымыкаць да Полацка.
Паміж даследчыкамі даўно вядуцца спрэчкі наконт таго, хто такія палачане. Справа ў тым, што ўжо першапачатковы летапіс зрабіў гэта пытанне праблематычным. Сапраўды, у пераліку ўсходнеславянскіх плямёнаў, які быў зроблены двойчы, названы палачане, у той час як крывічы ў ім не ўпомнены. Аднак у паведамленнях аб пазнейшых падзеях, такіх, як «прызванне» варажскіх князёў, паход Алега ў 882 г. на Кіеў і ў 907 г. на Візантыю і інш., — усюды ўпамінаюцца крывічы і адсутнічаюць палачане, хоць полацкія крывічы і прымалі ўдзел ва ўсіх гэтых падзеях. I ў давяршэнне ў летапісе непасрэдна сказана, што ад палачанаў «крывічы, якія сядзяць на вярхоўях Дзвіны, Волгі і Дняпра». Дык хто ж такія палачане і ў якіх яны адносінах знаходзіліся да крывічоў? Хто ад каго паходзіць: крывічы — ад палачанаў ці — палачане ад крывічоў? Адказы на гэтыя пытанні былі розныя. Адны катэгарычна прымалі палачанаў за асобнае ўсходнеславянскае племя (А. П’янкоў), другія лічылі іх «малым племем», што было ядром «вялікага племя», якім з’яўляўся палачанскі саюз плямёнаў (Г. Лаўмяньскі), паводле трэціх, палачане — гэта крывічы, што асімілявалі балтаў і адначасова самі ўвабралі некаторыя рысы асіміляваных плямёнаў (Л. Аляксееў). Былі выказаны і іншыя меркаванні, якія мы адзначым пасля. Хоць некаторыя з гэтых думак, як, напрыклад, Л. Аляксеева, у некаторай ступені слушныя, аднак усе яны абміналі галоўную сутнасць палачанаў як прынцыпова новай гістарычнай з’явы. А прычына гэтаму — ігнараванне летапіснага паведамлення аб рассяленні дрыгавічоў да Дзвіны. Таму мы яшчэ раз падкрэсліваем негрунтоўнасць гэтай папраўкі да летапісу. Асабліва здзіўляе тое, што археолагамі выключаецца поўнасцю магчымасць мяшання крывіцкага і дрыгавіцкага насельніцтва, прынамсі, у цэнтральнай, як пісаў Л. Аляксееў, частцы Беларусі. Маўляў, «у XI ст. стыхійнае прасоўванне крывічоў спынілася: яны ўвайшлі ў сутыкненне з дрыгавічамі, якія засялілі землі на поўдзень ад Менска, Барысава і Друцка»