Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 27
Але, падкрэсліваючы значэнне балцкага элемента ў фармаванні беларусаў, мы адначасова не павінны і пераацэньваць яго, бо беларусы хутчэй за ўсё з’яўляюцца не збалтызаванымі славянамі, а аславяненымі балтамі. У гэтых адносінах асабліва каштоўныя сведчанні антрадалогіі, якія паказваюць, што роля балцкага субстрату ў этнагенезе беларусаў меншая, чым, напрыклад, уграфінаў у этнагенезе велікарусаў>125. Здзіўляе таксама і малая колькасць балтыйскіх запазычанняў у беларускай мове, хоць, на першы погляд, іх павінна б быць значна болей>126, асабліва ўлічваючы вялікую колькасць балцкіх гідронімаў у Беларусі. I гэта не дзіўна. Як мы ўжо бачылі, Беларусь у сілу яе геаграфічнага становішча была месцам, дзе асабліва канцэнтраваўся славянскі элемент, і таму ён мог значна пераважаць і перамагаць балцкі. Нельга забывацца і пра слабую заселенасць паасобных месц у балцкую эпоху. Так, землі на поўдзень ад Менска, міжрэчча Вяллі і Гайны і інш. амаль поўнасцю пуставалі, мала было паселішчаў на поўдзень ад Полацка>127. Зразумела, што славяне, якія ў значнай колькасці засялялі гэтыя мясцовасці, толькі ў малой меры маглі ўбіраць балцкія рысы.
Нельга пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія сцвярджаюць, што асіміляцыя балтаў закончылася ў XII–XIII стст. Яна ішла на працягу ўсёй далейшай нашай гісторыі, ужо тады, калі сфармаваўся беларускі народ, і нават мела месца ў зусім нядаўнім мінулым, ужо ў нашым стагоддзі>128.
КРЫВІЦКАДРЫГАВІЦКІЯ ЎЗАЕМААДНОСІНЫ I ЎЗВЫШЭННЕ ПОЛАЦКА
Яшчэ болынае значэнне ў складванні беларускага народа мелі ўзаемаадносіны славянскіх плямёнаў. Дрыгавіцкае і крывіцкае племянныя «княжанні» належалі да ліку тых, якія не распаліся і не зніклі, а паступова перараслі ў палітычныя ўтварэнні і атрымалі назву Тураўскага і Полацкага княстваў па сваіх цэнтрах. Гэта было найважнейшым гістарычным працэсам на беларускіх землях ад пачатку іх славянскага засялення і да сярэдзіны IX ст. Аднак працякаў ён не ўсюды аднолькава, што было абумоўлена рознымі прычынамі, і найперш характарам рассялення дрыгавічоў і крывічоў. Дрыгавічы, як мы ведаем, занялі вялікую прастору ад Прыпяці да Дзвіны. Toe, што яны змаглі пранікнуць так далёка, можа сведчыць аб раннім, магчыма, яшчэ на рубяжы нашай эры>129, з'яўленні гэтага племя (правільней, яго продкаў) на тэрыторыі Беларусі, у прыватнасці на яе поўдні. Пасяліўшыся сярод балотаў і пушчаў, дрыгавічы, натуральна, пачалі траціць адзінства і распадацца на асобныя галіны. Выключна важным па гістарычных выніках быў лёс іх падзвінскай часткі, самай аддаленай ад іх прыпяцкай метраполіі і таму менш звязанай з апошняй. Менавіта ў непасрэднай блізкасці ад яе дзесьці ў пачатку VIII ст.