Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 24



Адносна дрыгавічоў і крывічоў летапіс сведчыць, што ў іх, як і ў палянаў, драўлянаў і славенаў, былі свае «княжанні». Можна думаць, што мелася сваё княжанне і ў радзімічаў, бо без сур’ёзнай іх арганізацыі не было б патрэбы ў 984 г. ваеннай сілай падначальвадь іх уладзе Кіева. Разам з сваёй палітычнай самастойнасцю радзімічы, відаць, былі пазбаўлены і свайго «княжання», і памяць аб ім да пачатку XII ст., калі складаўся летапіс, страцілася. Праўда, гэта не прывяло радзімічаў да страты свайго этнічнага вобліку. Жывучы пасля ў розных палітычных сістэмах, яны захавалі сваю еднасць і сувязь з усёй тэрыторыяй сённяшняй Беларусі і ўвайшлі ў яе склад.

Летапісная інфармацыя аб «княжаннях» вельмі скупая, і таму цяжка выказаць пра іх пэўную думку. Можна меркаваць, што дрыгавічы яшчэ да перасялення на Беларусь мелі сваё «княжанне», бо пад 685 г. у македонскіх дрыгавічоў, якія, відаць, з’яўляліся супляменнікамі нашых, упамінаюцца князі >|12. Не выключана, што такія «княжанні», а разам з імі і князі былі да перасялення і ў крывічоў і радзімічаў, бо без гэтага ім наўрад ці ўдалося б заняць дамінуючае становішча і сярод балтаў і сярод іншых славянскіх родаў. Што да радзімічаў, то летапіс называв Радзіма, на чале з якім яны і прыйшлі на Сож. Магчыма, што ён і быў іх князем.

Летапісныя «княжанні» дрыгавічоў і крывічоў былі самастойнымі племяннымі адзінкамі, у аснове якіх ляжала родавая абшчына і якія кіраваліся князем, цалкам залежным ад веча. У сучаснай гістарычнай навуцы ўсё болей умацоўваецца перакананне, што племянныя «княжанні» былі зародкавай формай дзяржаўнасці>113. I з гэтым трэба пагадзіцца, хоць у той час яшчэ не было класавага грамадства. Дзяржаўная арганізацыя ўзнікае найперш як вынік ускладнення грамадскага жыцця (асабліва з прычыны росту насельніцтва) і неабходнасці яго рэгулявання. У развіцці грамадства наступав такі момант, калі ўжо ўмення і аўтарытэту родавага ці племяннога старэйшыны недастаткова для забеспячэння грамадскага парадку і паступова вырастав неабходнасць мець асобных людзей, якім даручаецца адказнасць за паасобныя бакі грамадскага жыцця. Так узнікае дзяржаўны апарат. Толькі пасля ўжо ён выкарыстоўваецца болын моцнымі элементамі грамадства ў сваіх інтарэсах. А з гэтым самым узнікае яго класавая сутнасць.

СЛАВЯНЕ I БАЛТЫ

Само сабой зразумела, што масавы і неаднаразовы прыліў славянаў на тэрыторыю балтаў не мог не прывесці да своеасаблівай этнічнай рэвалюцыі. Менавіта з часу прыходу славянаў на тэрыторыю Беларусі і пачатку іх сумеснага жыцця з балтамі і пачынаецца самазараджэнне беларускага народа і яго самаразвіццё.