Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 23
Такім чынам, адносідь волатаў да славянаў пакуль што няма сур’ёзных падстаў. Болей за ўсё верагодна, што балцкае племя велетаў, захопленае крывічамі ў іх руху на ўсход, рассялілася разам з імі, а пасля, аславяніўшыся, стала вядомым пад назвай велетаўволатаў.
Усё гэта патрабуе далейшага даследавання, у выніку чаго можа быць раскрыта адна з важнейшых таямніц нашай старажытнасці.
Такім чынам, можна меркаваць, што тэрыторыя Беларусі была месцам выключна інтэнсіўнага славянскага засялення і рассялення. Тут праходзілі і скрыжоўваліся шматлікія славянскія дарогі. Апроч дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў, якія склалі асноўны масіў славянства на Беларусі, тут прайшлі або часткова аселі дулебы, славене, драўляне, севяране, а таксама многія высяленцы з паморскіх славянскіх земляў.
ПЛЕМЯННЫЯ САЮЗЫ I «КНЯЖАННІ»
Што ж сабой уяўлялі славянскія плямёны, у тым ліку дрыгавічы, крывічы і радзімічы? Розныя даследчыкі парознаму глядзелі на іх. Адны лічылі іх устойлівымі этнічнымі ўтварэннямі, другія бачылі ў іх слаба звязаныя між сабою паасобныя трупы і нават сем’і, якія не мелі сталых межаў, у весь час рассяляючыся. Аднак, на наш погляд, нельга адной меркай мераць усе плямёны, не ўлічваючы канкрэтных умоў рассялення кожнага з іх. Што характэрна было для аднаго племя, таго не было ў іншага і наадварот. Сапраўды, хіба можна ставіць знак роўнасці паміж радзімічамі з аднаго боку і дрыгавічамі і крывічамі з другога боку. Калі радзімічы з прычыны іх малалікасці занялі строга акрэсленую тэрыторыю — Пасожжа, то дрыгавічы і крывічы ўвесь час рассяляліся, мяняючы свае межы і пашыраючы сваю тэрыторыю. Паводле тых рачных сістэм, якія яны занял! мы адрозніваем прыпяцкіх (карэнная іх тэрыторыя), бярэзінскадруцкіх, нёманскіх і дзвінскіх дрыгавічоў. Крывічоў па тым жа прынцыпе мы дзелім на нёманскіх, дзвінскіх, дняпроўскіх, пскоўскіх (па р. Вялікай іх некаторыя сучасныя даследчыкі адмаўляюць) і волжскіх.
I не толькі ў геаграфічным, але і ў этнічным плане славянскія плямёны не былі адзіныя, прынамсі, у пачатку іх гісторыі. Дрыгавічам, крывічам і радзімічам, магчыма, на новым месцы спатрэбілася весці барацьбу з іншымі славянскімі плямёнамі ці родамі, якія для нас засталіся невядомымі, за сваё дамінуючае становішча, бо тое, што летапіс называв племем, сучасная гістарычная навука лічыць саюзам плямёнаў. Гэта пацвярджае і археалогія. Г. Ф. Салаўёва ўстанавіла на тэрыторыі дрыгавічоў два тыпы славянскіх пахаванняў, у заходніх (г. зн. беларускіх) крывічоў — тры, а ў радзімічаў нават восем.