Што ён страціў? | страница 8
— Мы,— недарэчна адказаў Сцяпан, нібы гэтае «мы» адразу ўсё вытлумачвала.
Вочы паступова прызвычаіліся да поўзмроку, і Анатоль убачыў, што з-за коміна выглядае худы тварык з цікаўнымі вачанятамі. Уласна кажучы, убачыў ён адны гэтыя вачаняты ды нос, бо ўсё іншае на твары было закрыта вялікай белай хусткай.
— Гэта ты — Люба Лапатка? — спытаў Анатоль.
— Я. А што?
Анатоль не адказаў — «што». Ён убачыў белую пару, якую выдыхаў,— у хаце было холадна. Яшчэ тады, калі ён убачыў гэтую хаціну і асабліва сасновае галлё над дзвярамі, у душы яго ўзнікла нейкае непрыемнае пачуццё да Сцяпана. Цяпер гэтае пачуццё ўсё больш акрэслівалася. Ён ужо добра адчуваў, што гэта — злосць і гнеў. І разам з гэтым — боль, глыбокі душэўны боль, ад якога сціскала дыханне і рабілася салёна ў горле. Ён аглянуўся і ўбачыў у куце кучу бульбы. Ён нахіліўся і падняў адну бульбіну. Яна была мёрзлая. Невядома на што паклаў гэтую бульбіну ў кішэню. Гаварлівы старшыня маўчаў, відаць, таксама ўражаны выглядам хаты. На печы цяжка ўздыхнула старая, але самое яе не відаць было, толькі куча нейкіх рызманоў.
— Ты ў школу ходзіш? — спытаў у дзяўчынкі Анатоль глухім дрыжачым голасам.
— Хаджу. Але я тры дні не была... Бабуля захварэла... Яна слабенькая... Я ляжу з ёй і грэю... Баюся, калі я пайду, яна застыне і памрэ...
— А ў печы вы паліце?
— Учора палілі. Цётка Ганна прынесла бярэмак дроў, і мы палілі... Печка і сёння яшчэ гарачая... А вы з раёна?
— А чаму вы не возьмеце каня і не прывезяце дроў? — незадаволеным сухім голасам спытаў Сцяпан.
— А я прасіла ў вас, дзядзечка. А вы паслалі мяне да брыгадзіра. А ён кажа, што нас павінен забяспечыць сельсовет, што мы пенсію атрымоўваем...
Анатоль больш не мог трываць. Ён прарывіста, з гукам, падобным на ўсхліпванне, уздыхнуў і, нічога больш не сказаўшы, выйшаў з хаты.
Калі Сцяпан дагнаў яго на вуліцы, дзе ўсё ўрачыста ззяла ад снежнай белізны, ён прашаптаў з болем і гневам:
— Якая ганьба! Ганьба!
Сцяпан узяў яго пад руку, быццам намерваючыся падтрымаць на слізкім месцы:
— Дарагі мой, згадзіся, што за ўсім не ўгледзіш, усяго не ўбачыш... Ёсць больш важныя справы...
Анатоль вырваў руку, павярнуўсй да Ластаўкі, сарваў свае акуляры і, размахваючы імі, амаль крыкнуў:
— Знесці гэтую хаціну, каб не псавала выгляду,— пра гэта ты падумаў, гэта ўбачыў. А хто там жыве? Як жывуць гэтыя людзі? За два гады ты не здолеў убачыць. Гэта табе няважна. У цябе ёсць больш важныя справы. Крычаць ва ўсіх газетах, што галоўнае ў тваёй працы — клопат пра чалавека. Вось твае клопаты! Дэмагог!