Дзеці капітана Гранта | страница 9



— Няма больш сумненняў! — весела загаварыў Гленарван. — Усё ясна. Гэта іменна ён. «Брытанія» вышла з Кальяо ў Перу 30 мая, а 7 чэрвеня, гэта значыць, праз восем дзён, пацярпела крушэнне каля берагоў Патагоніі. Уся гісторыя гэтай катастрофы раскрылася перад намі! Вы бачыце, сябры, што логіка дала нам ключ да рашэння амаль усёй загадкі, і адзіным невядомым з’яўляецца цяпер даўгата, пад якой здарылася крушэнне.

— Але даўгата і не патрэбна! — сказаў Джон Мангльс. — Ведаючы краіну, каля берагоў якой здарылася крушэнне, і дакладную шырату, я бяруся даставіць судно проста к месцу катастрофы.

— Выходзіць, мы ведаем усё? — запытала Элен.

— Усё, дарагая Элен, і я магу цяпер запоўніць усе прабелы між слоў, зробленыя марской вадой, з такой-жа лёгкасцю, нібы пісаў-бы гэты дакумент пад дыктоўку самога капітана Гранта.

І, узяўшы пяро, Гленарван, не задумваючыся, напісаў наступныя радкі:

7 чэрвеня 1862 года трохмачтавы карабль "Брытанія" з Глазго пацярпеў крушэнне недалёка ад берагоў Патагоніі ў паўднёвым паўшар'і. Накіроўваючыся к берагу, два матросы і капітан Грант паспрабуюць высадзіцца (aborter) на кантынент, дзе яны трапяць у палон ла лютых індзейцаў. Яны кінулі гэты дакумент у мора пад. . . . . . . . . . . . . даўгаты і 37° 11' шыраты. Дапамажыце ім, інакш яны загінуць.

— Надзвычайна, дарагі Эдуард! — усклікнула Элен. — Калі гэтыя няшчасныя калі-небудзь зноў убачаць радзіму, яны будуць абавязаны вам за сваё выратаванне!

— Яны ўбачаць яе! — адказаў Гленарван. — Цяпер гэты дакумент настолькі ясны і красамоўны, што Англія неадкладна дапаможа тром сваім сынам, якія гаруюць на пустэльным беразе. Тое, што яна ўжо рабіла для Франкліна і многіх другіх, яна паўторыць зараз для выратавання пацярпеўшых крушэнне на «Брытаніі».

— Але-ж у гэтых няшчасных, напэўна, засталіся сем’і, і яны аплакваюць іх пагібель! — сказала Элен. — Можа ў капітана Гранта ёсць жонка, дзеці...

— Вы праўду кажаце, дарагая, і я бяруся неадкладна паведаміць ім, што надзея на выратаванне загінуўшых без весткі маракоў не страчана! А цяпер, сябры мае, падымемся на палубу, магчыма, мы падыходзім ужо к порту.

Сапраўды, «Дункан» ішоў ужо ўздоўж берагоў Бюта, пакінуўшы ззаду Ротсей з яго чароўным зялёным гарадком, размешчаным у квітнеючай даліне. Увайшоўшы ў вузкую частку затокі, «Дункан» абышоў Грынок і ў шэсць гадзін папаўдні адшвартаваўся каля базальтавай скалы Думбартона, на версе якой быў славуты замак шатландскага героя.