Дзеці капітана Гранта | страница 8
— Зусім верна,— пацвердзіў маёр.
— Якія меркаванні мы можам рабіць? — прадаўжаў Гленарван. — Перш за ўсё, што крушэнне адбылося ў морах паўднёвага паўшар’я. Тут я перш за ўсё хачу звярнуць вашу ўвагу на ўцалеўшую частку слова «гоні». Ці не ёсць гэта назва краіны?
— Патагоніі? — усклікнула Элен.
— Так.
— Але ці перасякаецца Патагонія трыццаць сёмай паралеллю? — запытаў маёр.
— Гэта лёгка праверыць,— сказаў Джон Мангльс, разгортваючы карту Паўднёвай Амерыкі. — Так яно і ёсць. Трыццаць сёмая паралель перасякае Арауканію, праходзіць па пампасах уздоўж паўночных граніц Патагоніі і губляецца ў водах Атлантычнага акіяна.
— Вельмі добра. Прадаўжаем расшыфроўку. Слова abor. Ці не ёсць гэта частка французскага дзеяслова aborder — прыставаць, прычальваць? Калі так, дык два матросы і капітан прычалілі да чаго? Contin — к кантыненту. Разумееце, к кантыненту, а не к востраву! Што-ж з імі здарылася далей? На шчасце, тут-жа стаяць дзве літары: pr; яны расказваюць нам пра лёс няшчасных: гэта пачатак слова pris — узяты ці prisonniers — палоннікі. Хто-ж іх узяў у палон? Запіска ясна адказвае: «люты» indi, гэта значыць лютыя indiens — індзейцы. Даволі пераканаўча, праўда? Хіба недастаючыя словы не становяцца самі сабой у прабелы дакумента? Хіба сэнс запіскі не раскрываецца перад вашымі вачыма?
Гленарван гаварыў з глыбокім перакананнем. Яго энтузіязм перадаваўся слухачам. Разам з ім яны хорам закрычалі: «Гэта відавочна! Гэта бясспрэчна!»
Крыху памаўчаўшы, Гленарван зноў загаварыў:
— Сябры мае, гэтыя меркаванні здаюцца мне надзвычай праўдзівымі. Я не сумняваюся, што катастрофа здарылася паблізу берагоў Патагоніі. Урэшце, у Глазго я даведаюся аб прызначэнні «Брытаніі», і тады будзе відаць, ці магла яна апынуцца ў гэтых водах.
— О, для гэтага не трэба чакаць звароту ў Глазго,— сказаў Джон Мангльс.— У мяне ёсць тут камплект «Гандлёвай і мораходнай газеты», якая дасць нам патрэбную даведку.
— Шукайце-ж, Джон! — усклікнула Элен.
Джон Мангльс узяў камплект нумароў газеты за 1862 год і хутка пачаў гартаць старонкі. Пошукі былі нядоўгія, і хутка ён праказаў з выразным здавальненнем:
— Знайшоў!
У газеце было напісана:
"30 мая 1862 года. "Брытанія" (капітан Грант) адплыла з Кальяо, прызначэнне — Глазго".
— Грант! — закрычаў Гленарван. — Ці не той гэта смяльчак, які марыў заснаваць новую Шатландыю на адным з астравоў Ціхага акіяна?
— Так,— адказаў Джон Мангльс,— гэта той самы капітан Грант. У 1861 годзе ён вышаў з Глазго на «Брытаніі», і з таго часу аб ім не было ніякіх вестак.