Мой гай дубовы | страница 12



пад вербамі і каштанамі
сябе адкрываю
у выбухах свядомасці
тварам да твару
у абстрэле паглядаў позіркаў слоў
раздваеннях свядомасці
у падабенствах
са спалохам у запытанні
ці гэта Я учарашняя
адкажы
якая ўсё-ткі Я
аднак іду ў ваду
якая ўсё глыбее
божа дай мне малю
пясчанае дно
і празрыстую плынь
і блакіт
у якім ты цяпер
я з атэстатам сталасці
іду насустрач смутку
іду ў няволю вольнасці
веру ў верны выбар свету
што будзе люстэркам
маёй усмешкі

БЫЛО ТОЕ ДАЎНО I НЯПРАЎДА


раўнадушна
з холадам вонкавым абмінаючы
абмацваеш мяне ты вачыма
нават не скажаш мне:
                                 дзень добры
нават не скажаш:
                          да пабачэння
рэдка пырхне слова
між табою і мной
на кажановых крылах
а зданяў іглістых ядловец
раніць заўсёды даткліва
мая панурая
пятнаццацігадовая
а бурклівая
адно як заснеш
калі мяне няма для цябе
і ты перапоўнена
снамі
углядваюся я ў цябе потайкам
і знаю
а я
перш чым прачнуся
перш чым сны растварацца
рана
рана
чую як туркочуць маторы
не казалі сабе мы: дабранач
не скажам сабе: дзень добры
ашукваем мы прахожых
вуліца
дом
бакавушка
кажуць: якія чужыя якія варожыя
толькі сябе ашукаць не можам
дачушка
.........................
у назве гэтага верша
найбольшы боль і скарга
паслухай:
было тое даўно і няпраўда

САМОТА


часам надарыцца гэтакі дзень
абвяшчэння самоты
калі насуперак самой сабе
хочацца выйсці
пачаставацца цішай
ды дзе знайсці
такую сцяжыну
якую б хтосьці не пратаптаў
і каб нават уласны мой след
мяне даганяючы
не грукатаў за плячыма
дзе адшукаць такую глуш
і такую пустыню
каб не цягнуўся за мной
нават мой цень
маё рэха
маё імя
дзе знайсці мне месца на зямлі
у якім адно сябе пачую
вызваліўшыся
з зелені і архітэктуры
так бы хацела прысесці
сама ля сябе
у непарушнай цішы
распусціць валасы
мовіць адно пра сябе
і толькі сябе слухаць
нават ты
адыдзеш тады ад мяне
будзь жа мной
ува мне.

ДУБ НАТХНЕННЯ


Хто выдумаў так той дуб
I хто апланаваў
Далягляд, у які
Ён упісаўся, кампактна стаў?
Карэнне, як жылы, пусціў
На пясчаных, гарбатых узгорках,
А шумлівым лісцём
Нырае ў блакітнае мора.
Хто выдумаў гэткі дуб,
З такой лірычнай высновай,
Што ў кроне, нібы ў галаве,
Трымае гняздо буслова?
Адгэтуль вёска відаць —
Платы, цэркаўка, хаты
I нізка схілены крыж —
Плён жыцця небагаты.
Ясна — калі б не дуб,
Вятры узгорак разнеслі б
I збяднеў краявід
Вёскі, што просіцца ў песню.
Вёскі гэтай маёй
З хатаю, кузняй, ставам,
З крыжам на стыку дарог,
З рэчкай, з мостам дзіравым.
Не было б і гнязда,
Дзе абжываецца бусел,
I найперш не было б
Радкоў гэтых самых, мусіць.