Літоўскі воўк | страница 6
- То йды, чого стала, мязджэра старая...
Кабыла патапталася-патапталася на месцы, потым з усяго маху рванула ў ваду. Скокнула, як скачуць з абрыву. Вазок ірванула, настаўнік пакаціўся ў ім дагары нагамі.
- Куды! - закрычаў ён ад страху, учапіўся ў біліну, каб выскачыць, але не паспеў, бо кабылка скокнула зноў, пад калёсамі некалькі разоў стукнулі нябачныя ў вадзе і твані бярвенні.
Некалькі разоў кабыла тузала вазок наперад, потым спынілася. Настаўнік перакруціўся ў вазку і з жахам убачыў, што кабылка стаіць па пуза ў вадзе. Воз пачаў намакаць. Настаўнік ускочыў на ногі і стаў выглядаць купіну, каб саскочыць. Ніякай купіны нідзе не было. Няўжо трэба скакаць у ваду? Яго ўтрымала ад скачка тое, што возчык сядзеў сабе на папярэчцы і... ціхенька пасвістваў.
- Мы тонем! - разгублена прамовіў настаўнік. - А ты...
- Сядзі, пан, - выразна прамовіў Цімох, - калі па вухах пугай не зарабіў. Не бачыш, што Ліза робіць?
Кабыла напраўду цурбоніла ў ваду.
- Што? - перапытаў настаўнік.
Настаўніка здзівілі слова «Ліза» і грубасць фурмана. У вадзе, на балоце, ён нечакана пасмялеў.
Кабыла зрабіла сваё, пакалыхала пузам у вадзе і твані, потым, далёка выцягнуўшы морду наперад, дзе вада была чысцейшая, усмак папіла. Піла яна доўга, возчык пры гэтым пасвістваў, а ў вазок набегла вады на корху. Далей вазок не заглыбляўся - ён, здавалася, усплыў.
Настаўнік крыху супакоіўся, астыў, сеў, узяўся права- і леваруч за аглабіны. І ўспомніў, што яго абразілі! Гэтая во тля, вош з вошай мае нахабнасць пагражаць яму, двараніну, няхай сабе і небагатаму, фізічнай расправай. Пугай па вушах? Ды сарваць гэтую заечую аблавушку і даць яму кулаком па кумпалу! Гэта ж здзек, а не язда! Умажа ў бруд рэчы, выпацкае ў твань, а потым скажа - няма дарогі, нягоднік. Абдурыў яго гэты паляшук, згаварыўся з тымі старобінскімі жыдкамі...
Тым часам Ліза, як яе назваў гаспадар, аперлася нагамі на купіну, якую намацала капытамі пад вадой, згарбацілася, скукожылася і скокнула. Потым зноў ірванула. І пайшло-паехала скаканне-рванне. Настаўнік толькі бачыў, што злева і справа хвалюецца рудая неглыбокая вада.
Гэтак рухаліся некалькі хвілін. Тут настаўнік і зразумеў, што па балоце, пад вадой, пакладзены бярвенцы і кабылка ступае па іх, як па клавішах раяля. Намацвае нагамі, абапіраецца і гэтак рухаецца. Настаўнік адразу адчуў глыбокую павагу да Лізы, а пра абразу ад Тымуха-Цімоха забыў. Да новага выпадку.
4. Начлежная візія
Неўзабаве бераг застаўся далёка ззаду. Кабыла відавочна стамілася, ад яе пайшла пара, але возчык сцябаў і сцябаў яе сваёю пугаю. Настаўнік зразумеў, што калі яны спыняцца - патонуць. Ногі кабылы, калі яна не намацае нябачнае бярвенца, тут жа засмоктвала твань. А калі Ліза абслізгнецца на падгнілым бярвенцы?.. Ці варта тут гаварыць, што душа настаўніка даўно скуксілася. Часам Ліза ўвальвалася па пуза ў балотную твань, і тады возчык саскокваў у ваду, намацваў нагамі бярвенні і як мог падштурхваў воз. Пры гэтым ён гучна цмокаў, праходзіўся па худой спіне канякі пужальнам і лаяў яе на чым свет стаіць. Самымі бяскрыўднымі словамі ў адрас Лізы былі: «кутніца», «торба» і «трыбух».