Літоўскі воўк | страница 18



Зваротак «грамадзянкі» мог пацэліць у сэрца любой дзяўчыны. Гэтак жа звярталіся адзін да аднаго паўстанцы... Яшчэ летась гэтак казалі ўсе прыстойныя палякі, ды, уласна, яшчэ і ў студзені, лютым сёлета казалі. Уголас, смела. Цяпер - не. Цяпер расейскія жандары ў Вільні хапаюць жанчын у чорным і, кажуць, задзіраюць спадніцы на галовы. Каб гэтак адвабіць насіць чорнае, жалобу па задушанай інсурэкцыі. Праўда, не зусім яшчэ і задушанай. Хто ведаў, колькі яшчэ хавалася па лясох з прагай помсты за забраны край.

- Пан Станіслаў, ці варта завязваць дыскусіі? - зрабіў заўвагу аканом маладому сваяку.

Падумаў ён пры гэтым больш рэзка: «Балван дурны. Ці час гаварыць пра радзіму, пра вольнасць? Толькі што, якіх пару месяцаў таму, у віленскіх мурах павешаны Каліноўскі. Падумаць толькі, крывавы дыктатар Літвы гасцяваў у іх, там, на поўдні, у эканоміі, некалькі дзён... А потым уся гэта калатнеча з інсурэкцыяй... А гэты, ну сапраўды, ці ж не балван, распускае язык... Вакол шпегі... Сотні, калі не тысячы расстраляны, адпраўлены ў Сібір, пазбаўлены маёмасці, правоў шляхецтва, а Стасік выхваляецца, каб заваяваць прыхільнасць дэвотак, у якіх невядома што ў галаве. А раптам каторая з іх - дачка дзяржаўнага службістага?»

Стасік паслухмяна змоўк, утаропіўся ў звера. Воўк у клетцы падняўся і, не паварочваючы галавы, усім тулавам павярнуўся да паненак і слабога на язык маладзёна. Ноздры звера варухнуліся, ён пацягнуў да сябе паветра.

І раптам пан аканом збянтэжыўся. Яму падалося, што воўк у клетцы - той самы, якога колькі ўжо часу, як аддалі аднаму фактару. Ды яшчэ трыма рублямі грошай падмазалі, абы каб толькі забраў ляснога нягодніка.

- О! Ён чуе, ён разумее, што мы пра яго гаворым! - усклікнуў Стасік.

Воўк тым часам матлянуў хвастом.

- Пан Ежы! - усклікнуў маладзейшы Ўрбановіч, звяртаючыся да пана аканома. - Дык ці не ў Друскенікі наш Ёсель здаў таго нашага ваўчыдлу? Далібог, гэта наш ручны воўк. Паглядзіце, гэта ж выліты Інсургент!

Воўк тым часам яшчэ раз матлянуў хвастом, схіліў, рыхтык сабака, галаву набок. У жоўценькіх чыстых вачах засвіцілася даверлівасць. Паненкі завойкалі ад здзіўлення: люты драпежнік, пагроза лясоў, зацяты вораг чалавека, ператварыўся - ці не фантастыка - у свойскую, добрую сабачыну.

Стасік падступіўся да прэнтаў.

- Інсургент! - паклікаў ён з выглядам вопытнага сабакара. - Цю-цю, на!

Малады пан яшчэ не адважваўся працягнуць руку за прэнты, але воўк радасна забіў хвастом па баках, рыхтык свойскі сабака. У ягоных вачах мільгнула нешта накшталт радасці пазнавання. Ён глытнуў сліну, аблізаўся і засцябаў сваім махалам па баках.