Літоўскі воўк | страница 16
І вось дзікае здарэнне. Малады пан застаўся з пагрызенай кісцю - косці цэлыя, мяса пакусана і скура здзёрта, а вось пажылому пану, які ратаваў маладога, не пашэнціла - мезены палец адгрызены цалкам - матляўся на скурцы, безыменец пераламаны, бясформенны, і сярэдні палец пабываў у зубах, але ў суставе быў рухомы. Дасталося і перадплеччу. Воўк літаральна прапусціў яго праз зубы... Рука як у малатарні пабывала. Кроў цуркамі цякла... Нават на другі дзень пасля здарэння адна далікатная паненка так і гэпнулася каля воўчай клеткі, самлела - кроў праступіла скрозь тырсу і пясок, якімі закідалі зямлю. Гэтулькі яе нахлюпала з пашаткаванай рукі...
Такім чынам, нам амаль усё вядома: курорт, звярынец, два паўднёвыя (у межах краю) паны з паненкай і цёткай з бародаўкай пад вокам; малады суне руку ў клетку, стары яго ратуе, воўк чык зубамі - і гатова. Што далей? Далей будзе, не турбуйся, чытач. Спачатку паглядзім на гэтыя ж падзеі вачамі яго ўдзельнікаў.
2. Маладое-неразумнае
У тую нешчаслівую раніцу манкевіцкі аканом, з тых самых славутых Манкевічаў з поўдня Менскай губерні, якая за Прыпяццю, каля ракі Гарыні, як і было заведзена штораніцы, папіў кавы, з'еў канапку і накіраваўся на неадменны ранішні шпацыр. Маладая жонка яшчэ спала. Учора звечара, як звычайна, добра насварыліся, пані скрычалася, таму сёння і спала. Накрычаўся і пан, вядома, не крыкам, а шэптам, душачыся, тоячыся ад гатэльных суседзяў, і цяпер яму карцела ціха пагаварыць з кім. Згрызоты з маладой жонкай надакучылі яму. Са сваіх з кім пагаворыш? З прышаломкаватым Станіславам - маладым панам, на якога людзі там, на далёкім Палессі, казалі, як на дзецюка, - Стасік? Аканом зразумеў, калі прыехаў сюды, што ўвесці маладую жонку ў кампанію курортных кабет, адшукаць ёй каляжанак, хоць бы адну, якая была рыхтык сястра, не ўдасца, - жонка сама не хацела гэтага.
Той раніцай выйшаў на шпацыр і Стасік. У гэтага ў галаве адно - пакруціцца, пацерціся каля маладых паненак. Якраз тады, калі цётка Цэцыля, тая самая, з бародаўкай, спіць. А спіць яна доўга, да дванаццаці, бо яна святуля - уночы не спіць, а моліцца.
Дзяўчаты акурат і стаялі каля звярынца. Прыйшлі так рана, бо хацелі паглядзець, як раніцай кормяць драпежнікаў: рысю, мядзведзя, ваўкоў.
Ваўкоў у звярынцы сядзела цэлая рознакаліберная дэлегацыя з лясоў «Северо-Западного края»... Быў здаравезны баравы ваўчуга з Налібокаў, меліся галаватыя пушчанскія ваўкі, знаходзіліся драбнацелыя інфлянцкія ваўкі, цэлая сям'я: воўк, ваўчыца і ваўчаняты. Быў яшчэ адзін воўк, які, як казалі, з'явіўся ў звярынцы нядаўна. Невялікі, сухарэбры, адно званне, што воўк. Казалі, што то быў ручны звер, але шмат рабіў шкоды, таму запраторылі ў клетку.