Дзеці капітана Гранта | страница 2



, адразу ўчула прынаду і стралой рушыла да яе. Цяпер выразна можна было бачыць, як моцна б'юць у вадзе яе плаўнікі, шэрыя па канцах і чорныя ля асновы. Па меры таго як яна набліжалася да прынады, яе велізарныя пукатыя вочы разгараліся прагнасцю, а пашча з чатырма радамі густых зубоў шырока разявілася. Галава акулы мела форму двубаковага малатка, насаджанага на рукаятку. Джон Мангльс не памыліўся: гэта сапраўды была самая драпежная і пражэрлівая прадстаўніца атрада акулападобных — молат-рыба.

Пасажыры і каманда «Дункана» з надзвычайнай цікавасцю сачылі за кожным рухам акулы. Хутка драпежніца апынулася каля самага крука; яна перавярнулася на спіну, каб зручней было праглынуць сала, і прынада ўмомант знікла ў яе вялізнай пашчы. У гэты-ж час, ірвануўшы канат, акула сама сябе «накалола» на крук, і матросы пачалі выцягваць яе з вады пры дапамозе блокаў, прымацаваных да канца грот-рэі.

Акула сударажна пачала кідацца ва ўсе бакі, адчуўшы, што яе выцягваюць з роднай стыхіі. Але гэта не спалохала матросаў; яны хутка справіліся з яе шалам, накінуўшы ёй на хвост мёртвую пятлю. Яшчэ праз некалькі секунд акулу паднялі на палубу. Зараз-жа да яе асцярожна падышоў матрос і, выбраўшы зручны момант, адным ударам сякеры адсек страшны хвост.

Лоўля скончылася. Драпежніца цяпер не ўяўляла ніякай небяспекі. Нянавісць маракоў да акул была задаволена, але не іх цікаўнасць. Сапраўды, на караблях увайшло ў звычай глядзець, што ёсць у страўніках злоўленых акул. Ведаючы пражэрлівасць гэтых драпежніц, матросы спадзяюцца на самыя нечаканыя знаходкі і часта не памыляюцца ў сваіх разліках.

Элен Гленарван не пажадала прысутнічаць пры гэтым агідным відовішчы і вярнулася да сябе ў каюту.

Акула яшчэ была жывая. Гэта быў буйны экземпляр, даўжынёй у дзесяць футаў і вагой у шэсцьсот фунтаў. І вага і памеры злоўленай драпежніцы былі нармальнымі для гэтай рознавіднасці акулы, адной з найбольш небяспечных.

Неўзабаве вялізная рыба была рассечана сякерамі на часткі. Крук прайшоў да самага страўніка; апошні быў зусім пустым. Як відаць, акула доўгі час спраўляла пост. Расчараваныя маракі хацелі ўжо выкінуць у ваду пасечаную тушу, як раптам увагу боцмана прыцягнуў нейкі дзіўны прадмет, які шчыльна загруз у адной са складак нутра драпежніцы.

— Што гэта такое? — усклікнуў ён.

— Гэта кавалак скалы,— пажартаваў адзін з матросаў,— які акула праглынула замест баласта!

— Не,— адказаў яму ў тон другі,— гэта ядро, якім стрэлілі ў бруха гэтай абжоры і якое яна не паспела пераварыць!