Мой гай дубовы | страница 5



Але ў вачах не перакрэсліш свята,—
Раднілася нявольнікаў сям’я.
Ты з Волгі быў, грамадзянін Саветаў,
Я з Нёмана, з Варшавы, з Польшчы я.
Фашызму цыркуль не даваў спачыну...
 Мы ратаваліся не словам боскім,
Ты блаславіў любімую Айчыну
Святловым, Шчыпачовым і Твардоўскім.
Я — Лібертам, Міцкевіча баладай
Ці палымянай Норвіда страфой.
Грымела пераможна кананада,
Як Пушкіна чыталі мы з табой.
Світанак рос над намі вечным цудам,
Нікога ён на свеце не міне.
Ну, як цябе, Алёша, я забуду?
Ты ж дружбаю пашырыў сэрца мне.
Аршаншчына, чакаю я адказу,
Дзе спіць мой сябар, пад якой сасной?
Яго пачую і пазнаю зразу,
Бо ў кожны час навекі ён са мной.

МАЁ ПАКАЛЕННЕ


Былі напачатку бель і сны,
Сны немаўленчай абстракцыі,
Пакуль не збудзілі мяне званы
I водар рускай акацыі.
Царкоўкі, чароды кабет і вазоў,
I словы, як покліч бою,
Як голас спрадвечных айчынных азоў:
«Polska z tobą» — Польшча з табою!
Пасля — барабанны пошчак ног,
Рэкруцкі спеў з грукам,
Ступіла вайна на самы парог
Гвалтоўным сталёвым друкам...
З высокіх паверхаў праз вокны на брук
У зябкай ранішняй сіні
Кветкі ляцелі з дзявочых рук
Да песні: «О мой размарыне...»
Драбінай раслі за гадамі гады,
Поўдзень выходзіў з дасвецця,
Дужэў, даспяваў лес малады,
Будзілася сэрца ў паэце.
Да трапяткіх вуснаў дзяўчат
Падносіў я полымя ружы,
Хмар навальнічных п’янлівы чад
Вецер гайдаў дужы.
Нарэшце я незабыўнай вясной
Зірнуў пранізліва ў вочы адной...
I зноўку белы малочны сон
Па-над калыскай дачушкі —
Вайна дратавала жытнёвы загон,
Бухалі ў далечы пушкі...
Забраўшы і песню і сэрца маё,
Восень ірдзела іржава,
Друз прыглушыў агню вастрыё —
Упартая змоўкла Варшава.
Граў потым вецер песню журбы
На трэснутых струнах руінаў,
Пакуль апошні выстрал пальбы
На вуснах вайны не застынуў...
Вяртаюся, любая, з дальніх мясцін,
З поля аціхлага бою,
Ты, помніш, пісала, ускліквае сын:
Польшча са мной —
Польшча з табою!

ЛІСТ


Ты ўяўляеш: Прастора,
а гэта плошча, вымераная метрамі,
ты гаворыш: Дзень,
а гэта адрэзак часу ў абручах турбот
і штодзённасці гарбяках,
астаецца Ноч — маленькая станцыя
з забыццём — стойкай буфетнай,
да якой прытуліцца можна,
аж пакуль не абудзіць нас гупат
                                             і свіст цягніка,
значыць, свет існуе па-за гэтым палонам
(і імчыцца туды, адкуль рэха і тое
                                             не можа вярнуцца,
як жыцце пасля трапнага стрэлу).
Затрымаўся цягнік паміж часам і мной,
а ні грукат не вырве мяне з анямення,
                                             ні свіст,