Літоўскі воўк | страница 28



У стайні каля ліхтара разгарнуў паперку. На табе, значкі незразумелыя, халера на іх - па-польску напісана. Ён і па-руску, кірыліцай, слаба чытаў, а польскія літары здаваліся абсалютнай абракадабрай. Хрышчаны бацюшкам, але чытаць спраўна так і не навучыўся. Ад таго і Мондрыкам празвалі, што браў кнігу дагары і чытаў абы-што. Да польскіх літар было сваё, асаблівае стаўленне. То была панская навука, панская грамата, усё польскае, звязанае з ксяндзом, якога і не любіў і баяўся, як агню, - бо, бачыце, той ксёндз жонкі не меў і не мог мець. А сваю будучыню Мондрык без жонкі не ўяўляў. Лацінскія літары проста пужалі яго сваёй чужасцю.

«Мо аддаць?» - падумаў Мондрык, выйшаў на паветра і ўбачыў, што Ганна тралюе праз кветкі да акна панскай спальні. «Ага, Вабішчэвічыху, Аксану, папярэдзіць хочаш...» Кінуўся да будынка, каб перахапіць Ганну. Паспеў адцягнуць ад акна, пачалі валтузіцца. Тут іх і застаў пан Урбановіч.

- Што такое?

Куды дзецца? Аддаў цыдулку аканому. Ну, а далей усё адбывалася так, як апісана ў папярэднім раздзеле.


2. Дарагі крышталь кахання


Валадар узорнай эканоміі аканом пан Ежы Ўрбановіч апынуўся ў няпростым становішчы. Ягоная жонка выкрыта ў сужэнскай здрадзе. Была б старэйшай, то і падгуляла б сабе, і сярод шляхты бывае. А то ж лічы - дзяўчо. Калі ў такім узросце на здраду пацягнула, то што ўжо будзе потым?

Не разумеў ён пані Аксану, хоць стрэльні. Што за дурное пакаленне нарадзілася? Ім усё на Эўропу хочацца глядзець. А чаго глядзець, як бельгійцы волю атрымалі, як італьянцы хочуць Рым аднавіць?.. Ну не ў Бельгіі, не на Апенінах жывём... Ёсць дынастыя Раманавых... Кажуць, з літоўскімі, ліцвінскімі каранямі. Вядома, не са жмудзінаў, але з рускіх, або, як яшчэ кажуць, беларусаў.

Ёсць цар, ёсць імперыя, ёсць раз і назаўсёды пастаўленыя законы. Цар разумее, што законы час ад часу трэба мяняць. І мяняе... Вунь якую рэформу адбамберылі... Волю далі. Праўда, яшчэ невядома, як яно будзе, бо на выкупныя плацяжы адкуль у хлопаў грошы? Навошта рэвалюцыі? Навошта патрасенні? Навошта кроў, страляніна?

Эх, маладосць, адразу ўсяго хоча. Роўнасці хочацца... Адсюль і ідзе ўсё. Захацелася кахання?! Калі ласка, як у кепскім французскім рамане, - панаравіла якога пастуха ці конюха... Не, ён, Урбановіч, хутка разбярэцца з яе абраннікам... Разбярэцца так, што на ўсё жыццё закажуцца і Аксана, і той яе нейкі смаркач...

Турбаваў аканома і лёс пакрыўджанай пакаёўкі. І не столькі там таго болю, колькі абразы, знявагі, парушэння гонару. Ганну адлілі вадой, замкнулі ў лазні пад нагляд Хведаса, які мусіў супакоіць і ўлагодзіць няшчасніцу. Што далей будзе, пан Ежы толькі здагадваўся. Ну, адкупіцца ад бацькоў Ганны, бедных, як царкоўная мыш, Вабішчэвічаў. Сто рублёў дасць - і парадак. Горш будзе, калі ўнаровяцца, грошай не возьмуць. Ну і што? Пададуць у суд? Суд падмазаць даражэй, але пойдуць жабракамі і Вабішчэвічы... Чорт з імі, важней - што будзе з Аксанай, ягонай жонкай... Як далей жыць - во бяда!