Не па дарозе | страница 19



Якубчык памятае, як Юлька перабралася да Сяліцкіх без ніякага вяселля i якраз перад тым, калі пайшлі ў калгасы. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй... Але дзе ты дзенешся!.. Вайцех тады стаў дэпутатам, i любоў нейкая з’явілася ў яго сястры-камсамолкі да гэтага лесуна. Паспрабуй стаць упоперак дарогі... А што гаварыць пра свае валокі, якія засталіся ад бацькі, і нейчыя шнуркі — калгас усіх зраўняў.

Пасля, здаецца, яны і нядрэнна жылі і згоду мелі. Забыліся пра мінулае, памагалі адзін аднаму сім-тым.

Толькі як сустрэне цяпер той суровы чалавек, які, як гаварылі пра яго на вёсках, i вока за ўсё жыццё нікому не запарушыў, і які пасля смерці жонкі стаў пазбягаць яго, Андрэя. Ведае, мусіць. Дайшло і да яго...

К паўдню, відаць, бралася добра распагодзіцца. Там, угары, за сасновымі вершалінамі віднелася блакітнае неба, пацягнутае рэдзенькай баваўнянай павалокай. Нават у цяні гуcтога лесу адчувалася, што прыграе сонца.

Перад самымі Леснікамі, крыху звярнуўшы з дарогі і паклаўшы веласіпеды на зямлю, корпаліся ў зблытаным малінніку два юнакі. Адзін здаўся яму знаёмы.

«Павырасталі. Новы свет пайшоў. Хутка нікога не пазнаеш...»

Лес здрабнеў, і між сасновых ствалоў выглянулі крытыя новай гонтай стрэхі хат.

Нешта ў сярэдзіне балюча заныла.


IV


Апошнія дні Вайцех толькі і думаў пра швагра. Ен чакаў яго з часу-на-час, збіраючыся аднесці пасцілку ў канцылярыю, але ўсё адкладваў на заўтра: старшыня быў у раёне. На месца пакражы Вайцех ужо звадзіў двух членаў праўлення і дэпутата. Склалі акт. Хтосьці настойваў выклікаць міліцыю, але Вайцех заявіў, што злодзей прыдзе сам, прасіў пачакаць дні са два і не ўзнімаць вэрхалу. Члены праўлення толькі паціснулі плячыма, здзіўлена паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, але згадзіліся з Вайцехам. Толькі дэпутат ніяк не ішоў на такі план, і, каб растлумачыць таму, Вайцеху прышлося весці доўгую гутарку.

Вайцех ведаў натуру Андрэя і быў упэўнены, што той прыдзе. Ніяк ён не вылазіў з галавы, стаяў перад вачыма: хітры, ваўкаваты. Вайцех яшчэ не ведаў, што на свеце няма ранейшага Андрэя, а ёсць толькі згорблены і паранены ім чалавек.

«Быць не можа... Няўжо я яго падстрэліў?.. 3 такой стрэльбы, ды яшчэ соль — далёка не папрэ...»

Сёння раніцой, прышоўшы з Жукаўшчыны, ён ледзь звёў вочы, як прысніў сон...

...Яны з Андрэем, аручы на быках пад лесам, знайшлі золaта. Цэлы гладыш. Бліскуча-е такое, чырвонае, нібы гэта быў збан з гарачым вуголлем. Але што такое... Андрэй згроб яго пад паху і хоча ўцячы.