Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды | страница 39
Паход Аскольда і Дзіра на Полацк і заваяванне імі палачанаў і дрыгавічоў не толькі пашырылі ўладанні Кіева, але і намнога ўзмацнілі яго, што і дало магчымасць кіеўскім князям у 866 г. (гэта дата ўказана ў «Аповесці…» і ў Ніканаўскім летапісе, што прымушае даверліва аднесціся і да яе і да самой падзеі) зрабіць паход на Візантыю. Ужо гэты прыклад красамоўна паказвае, што падначаленне племянных тэрыторый для Кіева найперш было патрэбна для таго, каб прадпрымаць свае ваенныя паходы на Візантыю, якія, як ужо зазначалася вышэй, былі бадай што галоўнай мэтай першых кіеўскіх князёў.
ПАДЗЕІ 80-х ГАДОЎ IX СТАГОДДЗЯ I ПАХОДЫ НА ВІЗАНТЫЮ
Даследчыкамі адзначалася, што той раздзел «Аповесці…», які апавядае пра падзеі IX ст. да з’яўлення варагаў, моцна скарочаны і перароблены. Многія часткі аказаліся проста выкінутыя, а замест іх была ўстаўлена рэдактарамі XII ст. наўгародская легенда аб прызванні князёўварагаў у Ноўгарад. Нам здаецца, што з гісторыяй утварэння Кіеўскай дзяржавы адбылося тое, што пазней адбылося з гісторыяй утварэння Вялікага княства Літоўскага: яна была пастаўлена з ног на галаву. Як жамойцкія феадалы прыдумалі ў XVI ст. байку пра заваяванне іх князямі ў сярэдзіне XIII ст. Новагародка, які яны нібыта зрабілі сваёй сталіцай, так і наўгародскія феадалы ў XII ст. прыдумалі байку пра заваяванне іх князямі Кіева ў 882 г., у якім яны і аселі, зрабіўшы яго сваёй сталіцай. На вялікі жаль, дзве гэтыя грубыя фальсіфікацыі пакуль што прымаюцца нашай гістарыяграфіяй за праўдзівыя факты. Вельмі добра, што ў апошні час даследчыкамі бярэцца пад сумненне летапіснае сцверджанне, што Ігар быў сынам Рурыка і такім чынам паходзіць з Ноўгарада. Мы, з свайго боку, падтрымліваем такую думку і выказваем свае меркаванні наконт гэтага. На наш погляд, Аскольд і Дзір таксама не былі варагамі па паходжанні, а з’яўляліся князямі карэннай кіеўскай дынастыі. Ва ўсякім выпадку, у Ніканаўскім летапісе, у якім утрымліваецца найболыд звестак пра гэтых князёў, нічога не гаворыцца пра тое, што яны былі ў дружыне Рурыка і прыйшлі ў Кіеў з Ноўгарада, а ў Наўгародскім летапісе сказана, што яны прыйшлі з Ноўгарада, але перад «прызваннем» Рурыка і яго братоў